Уборачная кампанія-2021 у ААТ «Княж» падыходзіць да завяршэння

Сельское хозяйство

дырэктар ААТ “Княж” Уладзімір Буда з камбайнерамі Віктарам Хаданёнкам і Сяргеем Хаданёнкам
дырэктар ААТ “Княж” Уладзімір Буда з камбайнерамі Віктарам Хаданёнкам і Сяргеем Хаданёнкам

У мінулыя гады ў сярэдзіне жніўня работы па ўборцы зерневых культур па гаспадарках яшчэ не даходзілі да “экватара”. Зусім іншая сітуацыя назіраецца сёлета. Збожжаўборачныя камбайны выйшлі ў поле прыкладна на два тыдні раней, чым звычайна. Пагоднае і сухое надвор’е спрыяла аграрыям ва ўборцы азімых культур. Толькі ў жніўні пачалі ісці кароткачасовыя дажджы, якія крыху запаволілі тэмп уборкі яравых зерневых.
На старонках нашай газеты мы паведамлялі чытачам пра ход уборачнай кампаніі ва ўсіх гаспадарках раёна, акрамя ААТ “Княж”. І вось прыйшла чарга і гэтага сельгаспрадпрыемства.
Калі трапілі на цэнтральную сядзібу гаспадаркі, яе кіраўніка ў будынку адміністрацыі не знайшлі. Яно і вядома, у разгар уборачнай Уладзімір Пятровіч толькі зрэдку з’яўляецца ў сваім рабочым кабінеце, каб падпісаць тыя або іншыя дакументы, а потым спяшаецца наведаць вытворчыя аб’екты.
Вось і на гэты раз дырэктар вяртаўся з механічных майстэрань. Перасеўшы ў яго “Ніву”, мы разам накіраваліся на поле за вёску Каралева. Там ячмень убіралі на камбайнах КЗС-1218 Віктар Хаданёнак, Міхаіл Андзілеўка і Сяргей Хаданёнак.
— Уборачная кампанія ў нас знаходзіцца ў завяршальнай стадыі, — кажа Уладзімір Пятровіч. — Яшчэ некалькі дзён і жніво 2021 года будзе закончана. Хачу сказаць, што сёлета ўборка зерневых прайшла амаль без праблем. Толькі зрэдку здараліся невялікія паломкі ў збожжаўборачных камбайнах, якія інжынерная служба і самі камбайнеры аператыўна ліквідавалі. Прастояў тэхнікі з-за адсутнасці паліва не было зусім. Сваю станоўчую ролю адыграў і чалавечы фактар. Усе шэсць камбайнераў адпрацавалі сумленна і справіліся з пастаўленымі задачамі. Усяго было запланавана ўбраць 1109 гектараў зерневых і зернебабовых культур. На 16 жніўня ўбрана 86,7 працэнта плошчаў да задання. Ураджайнасць склала 26,4 цэнтнера з гектара. Аказваем дапамогу вяскоўцам у абмалоце прысядзібных участкаў. Для гэтых мэт выдзелілі два камбайны. Напрыканцы мінулага года парк збожжаўборачных камбайнаў папоўніўся новым КЗС-1218. Сёлета на ім працуе Віктар Хаданёнак. Як і ў мінулыя гады, дапамогу нашай гаспадарцы аказвае работнік УКП ЖКГ Міхаіл Андзілеўка. Ён таксама працуе на КЗС-1218. Не застаўся ў баку ад правядзення ўборачнай кампаніі і прараб гаспадаркі Сяргей Хаданёнак. Ён таксама вырашыў унесці свой уклад у хуткае правядзенне жніва. З лёгкасцю авалодаў камбайнам, плячо ў плячо з вопытнымі камбайнерамі абмалочвае збажыну.

Аператар зернесушылкі Раман Валеўка
Аператар зернесушылкі Раман Валеўка

Зерне ад камбайнаў дастаўляецца на сушылку ў Германавічы, дзе аператарамі працуюць Раман Валеўка і Віктар Пучынскі. Сёлета нам вельмі пашанцавала, што зерне з поля трапляе амаль сухім. Патрабаваліся невялікія матэрыяльныя затраты на яго дасушку.
Паралельна з уборкай вядзём падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых культур. Пасеялі 192 гектары азімага рапсу. Сёлета плануем павялічыць пасяўныя плошчы, каб на будучы год мець яшчэ большы ўраджай. Нягледзячы на шматлікія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары, азімыя культуры ў нашай мясцовасці даюць значна большы намалот, чым яравыя. Менавіта таму мы і робім стаўку на азімыя зерневыя.
Па стане на 20 жніўня ў ААТ “Княж абмалочана 97,3 працэнтаа плошчаў зерневых і зернебабовых. Адпраўлена ў дзяржаўныя засекі 2629 тон збожжа ўраджаю 2021 года. Уборачная кампанія падыходзіць да завяршэння.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_0556 (Копировать) IMG_0559 (Копировать)