21 жніўня ў Алашках пройдзе “Яблычны фэст”. Успамінаем пра гісторыю свята і расказваем, што чакае гасцей сёлета

Культура Общество Турызм

IMG_9551-КопироватьКожны год размеранае жыццё вёскі Алашкі напрыканцы лета мяняецца. Вось ужо на працягу дваццаці трох год у сікораўскім яблыневым садзе праходзіць раённае свята “Яблычны фэст”, прысвечанае нашаму слыннаму земляку, садаводу-аматару, заслужанаму аграному БССР Івану Паўлавічу Сікору.
Вытокі свята
На старонках нашай газеты, а таксама ў шматлікіх перыядычных выданнях вобласці і краіны неаднаразова паведамлялася пра гэтага знакамітага чалавека, пра яго жыццё і працоўны шлях.
Варта нагадаць, што ўпершыню свята ў Алашках прайшло 19 жніўня 1999 года падчас урачыстага адкрыцця мемарыяльнага музея І. П. Сікоры. Мерапрыемства ў той час мела назву “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”. На малую радзіму знакамітага беларускага садавода-мічурынца завіталі шматлікія артысты, беларускія і замежныя госці, землякі, родныя, сябры і знаёмыя Івана Паўлавіча. У межах свята ладзіўся юбілейны канцэрт “Жыцця імклівыя арэлі”, прысвечаны 40-годдзю стварэння народнага ансамбля народных інструментаў Жукоўшчынскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Радзівона Лысёнка.
Дарэчы, святкаванне Яблычнага Спаса ў 1999 годзе прадоўжылася і на другі дзень у парку шаркаўшчынскай райсельгастэхнікі.
Раённы фестываль праходзіў на працягу некалькіх год са змяненнямі і дапаўненнямі, з распрацоўкай адпаведных сцэнарыяў, але заўсёды ў адным тэматычным накірунку.
Сікораўскі яблык — брэнд раёна
У 2007 годзе сваю малую радзіму наведала дачка І. П. Сікоры Лідзія Іванаўна. Яна, як і бацька, усё сваё жыццё прысвяціла справе садаводства. Жыла і працавала ў гарадскім пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна.
У 2013 годзе работнікі культуры ажыццявілі відовішчнае і запамінальнае мерапрыемства. У яго праграму ўключылі ўрачыстае адкрыццё помніка-брэнда Шаркаўшчынскага раёна — “Яблык”. На сцэнічнай пляцоўцы прайшла творчая вечарына ўдзельніцы народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, мясцовай паэткі Галіны Сікора. Галіна Іванаўна напісала шмат вершаў, прысвечаных нашаму земляку-садаводу. Некаторыя з іх пакладзены на музыку. Таксама існуе гімн вёскі Алашкі, словы да якога напісалі Мікалай Аўхімовіч і Людміла Ардынская, а аўтарам музыкі з’яўляецца Ірына Буднік. У той жа год запамінальным і незвычайным момантам свята стала ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу маладой пары — Дзмітрыя Вількеля і Кацярыны Губскай у яблыневым садзе. Пра іх “яблычнае вяселле” паведамлялася нават у праграме “Утро. Студия хорошего настроения” на тэлеканале “Сталічнае тэлебачанне”. Дарэчы, у 2015 годзе пара шаркаўчан Арцёма Тарасёнка і Лале Гуліевай таксама вырашыла звязаць свае лёсы і зарэгістраваць шлюб у маляўнічым алашкаўскім садзе. Падчас Яблычнага Спаса прайшоў і раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. Усё гэта суправаджалася нумарамі мастацкай самадзейнасці артыстаў Шаркаўшчынскага, Браслаўскага і Докшыцкага раёнаў.
Свята пашырае свае межы
Яблычны Спас 2014 года запомніўся яго ўдзельнікам і гасцям урачыстым адкрыццём дома-музея Івана Сікоры, дзе размясцілася пастаянная экспазіцыя і элементы хатняга дэкору пачатку дваццатага стагоддзя. Больш шырока і маштабна прайшоў у другі раз раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. На фестываль завітала кіраўніцтва краёвай думы з горада Даўгаўпілса.
У 2015 годзе свята ў Алашках набыло абласны маштаб. Пабачыць мясцовыя краявіды, адчуць атмасферу фестывалю прыехалі людзі з розных рэгіёнаў нашай краіны і з замежжа: Украіны, Расіі, Прыбалтыкі. Мерапрыемства праходзіла ажно на пяці пляцоўках. Госці з Латвіі, як і іншыя, прыехалі з падарункамі, а таксама прывезлі з сабой адзін з лепшых танцавальных калектываў — ансамбль народнага танца “Даўгавеня”.
Кожны год на свяце ў Алашках разнастайныя кулінарныя прысмакі прапануюць народныя клубы нацыянальнай кухні. Аснову большасці прыгатаваных страў складаюць яблыкі. Заўсёды радуюць сваімі адмысловымі кулінарнымі вырабамі народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага СДК, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага СДК і іншыя.
І дарослыя, і дзеці знаходзяць на свяце ў Алашках цікавы адпачынак па душы. Тут заўсёды працуюць інтэрактыўныя гульнёвыя, спартыўныя, цыркавыя пляцоўкі, батуты, арэлі і іншыя атракцыёны.
Па традыцыі на свята Перамянення Гасподняга па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне святары чытаюць словы малітвы, святой вадою асвячаюць дары новага ўраджаю, жадаюць кожнаму дабра, здароўя і міру.
afisha (Копировать)Чым парадуе “Яблычны фэст” сёлета?
— Сёлета, як і ў папярэднія гады, гасцей свята чакае насычаная праграма, — паведаміла нам галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. — У 10 гадзін раніцы з гарадскога пасёлка ў накірунку вёскі Алашкі стартуе аўтамотапрабег “Apple Moto Drive”. У 12 гадзін адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята. Праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі правядуць асвячэнне пладоў новага ўраджаю. Сельсаветы прэзентуюць свае кулінарныя падвор’і пад назвай “Яблычная гасціннасць”. Акрамя калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры нашага раёна сваё песеннае мастацтва гледачам падораць удзельнікі клуба аматараў фальклору “Крывія” Сенненскага раённага Цэнтра культуры. Завітаюць ў Алашкі і прадстаўнікі Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці на чале са старшынёй аб’яднання Сяргеем Крыўко. Акрамя гэтага, можна будзе прыняць удзел у разнастайных конкурсна-забаўляльных праграмах, наведаць выставы, паспаборнічаць у шашачным турніры, набыць пачастункі і памятныя сувеніры, зрабіць памятныя здымкі ў фотазонах і, канечне ж, пачаставацца стравамі, асновай якіх з’яўляюцца яблыкі. А завяршыцца свята канцэртам “Россып талентаў”, дзе сваё песеннае мастацтва гледачам падораць самадзейныя артысты.
Мы ўпэўнены, што ў свята “Яблычны фэст” наперадзе новыя гарызонты, якія абавязкова адкрыюць для шаркаўшчынскага брэнда — яблыка — новыя магчымасці і ў рэалізацыі культурных праектаў, і ў наладжванні эканамічных стасункаў паміж рэгіёнамі не толькі нашай краіны, але і з замежнымі партнёрамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

***

Успаміны
Жыве імя Івана Сікоры
Мая маленькая радзіма,
Цябе ніколі не забыць.
Заўсёды сэрцу майму міла
І па табе душа баліць.
Свае ўспаміны дзяцінства, юнацтва я пачала з урыўка верша маёй зямлячкі, ураджэнкі вёскі Сямёнавічы Ліліі Мікалаеўны Райчонак. На жаль, яе ўжо няма сярод нас. Свае творы яна заўсёды прысвячала малой радзіме, сваім землякам-аднавяскоўцам.
Сёння, у жнівеньскія дні, калі мы адзначаем вялікае рэлігійнае свята Яблычны Спас на радзіме садавода-мічурынца Івана Сікоры ў Алашках, я вырашыла падзяліцца з чытачамі газеты сваімі ўспамінамі.
Слабадская сярэдняя школа — шчырыя і добрыя настаўнікі, ветлівыя вучні, утульныя класы, прыгожыя кветнікі. З дванаццаці выпускнікоў нашага класа ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях, якія ў той час былі запатрабаваныя. Але галоўнае, што нам прывівалі любоў да працы, да роднай зямлі. Мы, вучні, працавалі не толькі дома разам з бацькамі. У вольны ад вучобы час дапамагалі мясцоваму калгасу “Іскра”, збіралі кукурузныя пачаткі, выкопвалі буракі, разам з бацькамі сярпамі жалі пшаніцу.
З вялікімі ахвотай і жаданнем мы працавалі ў садзе Івана Сікоры ў Алашках. Ён нас вучыў правільна прышчэпліваць пладовыя саджанцы. Мы з радасцю даглядалі прыгожыя кветкі, вывучалі іх назвы, упершыню пазналі смак вінаграда, іншых ягад.
Гэтыя часы застануцца ў нашай памяці назаўсёды. Вельмі прыемна, што кожны год у Алашках праходзіць свята, прысвечанае Івану Сікору, на якое збіраюцца не толькі жыхары гэтай і навакольных вёсак, але прыязджаюць госці амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі. Значыць, імя нашага слыннага садавода, яго справы жывуць і будуць жыць далей.
Г. ФІЛАТАВА,
сакратар раённага савета ветэранаў.