Акцыя «Бяспечны Новы год»

Актуальное

У час правядзення навагодніх святаў надзвычайную актуальнасць набывае праблема траўматызму падчас выкарыстання піратэхнікі. Бясспрэчна, рознакаляровыя россыпы агней у небе ў навагоднюю ноч вельмі прыгожа, але няякасная піратэхніка або неасцярожнае абыходжанне з ёй можа ўяўляць значную небяспеку. Гэтую ісціну яшчэ раз пацвердзіла сёлетняя навагодняя ноч, у якую, згодна з інфармацыяй МНС, па рэспубліцы пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі 11 чалавек.

Улічваючы надзённасць названай праблемы, Шаркаўшчынскі РАНС у асобе інспектара інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС Леаніда Брылёва і прадстаўнікі раённага аддзялення беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных вучні Шаркаўшчынскай СШ № 1 Дзмітрый Цывунчык і Павел Буйка (НА ЗДЫМКУ) правялі акцыю «Бяспечны Новы год». Трэба сказаць, што да яе правядзення падышлі яны творча і з гумарам. Дзесьці каля абеду 29 снежня на тэрыторыі рынку гарадскага пасёлка з’явіліся адзін дарослы і двое перавязаных бінтамі падлеткаў, выставілі каробкі з забаўнымі надпісамі на іх.

— Жадаеце набыць піратэхніку на Новы год — падыходзьце да нас! — звяртаўся мужчына да наведвальнікаў рынку. А тым, хто, зацікаўлены, спыняўся каля іх, уручаліся памяткі з рэкамендацыямі па бяспечным выкарыстанні піратэхнічных вырабаў. А наглядным прыкладам таго, што можа здарыцца пры іх парушэнні, служылі два перабінтаваныя (зразумела, па-несапраўднаму) хлопцы. Удзельнікі акцыі так добра выконвалі ролю незадачлівых прадаўцоў піратэхнікі, што хутка да іх падышла прадстаўнік адміністрацыі рынку з патрабаваннем паказаць ліцэнзію і намерам тэлефанаваць у падатковую інспекцыю. Даведаўшыся, у чым справа, яна ацаніла задуму і ад душы пасмяялася.

Андрэй БУРЭЦ.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *