Успенне Прасвятой Багародзіцы ў праваслаўнай царкве лічыцца адным з галоўных святаў. Яго яшчэ называюць “багародзічным Вялікаднем”. Як і ў перадвелікодную пятніцу, на Успенне выносяць плашчаніцу — вялікі абраз Ісуса Хрыста або Багародзіцы, якія ляжаць у труне. У гонар Багародзіцы веруючыя абходзяць з плашчаніцай вакол храма. Слова “успенние” перакладаецца са стараславянскай мовы як “сон”. Лічыцца, што Багародзіца не памерла, а заснула і ажыла для вечнага жыцця.
Гэтаму святу прысвечана мноства храмаў. У нашым гарадскім пасёлку таксама ёсць Свята-Успенская праваслаўная царква, якая аздабляе сваёй архітэктурнай прыгажосцю раённы цэнтр над ціхаплыннымі водамі блакітнай ракі Дзісны.
Кожны год 28 жніўня тут праходзіць святочная літургія ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Праваслаўныя вернікі з самага ранку пачалі прыходзіць у храм. Шмат людзей у той дзень наведала царкву: былі тут і пажылыя, разам са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі прыходзілі дзеці, нават зусім маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі таксама прысутнічалі ў час святочнага набажэнства.
Святочную літургію правёў настаяцель храма — протаіерэй Пётр Бараноўскі. Затым у царкву завіталі дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Віктар Валашчук і іерэй Васілій Стрыжнёў.
Завяршылася ўрачыстасць Хрэсным ходам, падчас якога святары разам з вернікамі тройчы абышлі вакол храма.
Сяргей РАЙЧОНАК.























