З успамінаў партызана брыгады “Спартак” Пятра Касцюкевіча. Да дня народнага адзінства.

Актуальное

af_dna_17v

“1 верасня 1939 года фашысцкая Германія напала на Польшчу. Гаротным надрывам рыпелі сялянскія калёсы, везучы на вайну маладых хлопцаў і мужчын. Праз два дні ў вёсцы Шыці з’явіўся паліцэйскі і загадаў усім здаць радыёпрыёмнікі. Было іх у вёсцы пяць штук. Адзін быў і ў нашай сям’і. Слухалі мы, у асноўным, перадачы з Мінска і Масквы. Польскія радыёстанцыі дрэнна праслухоўваліся, ды і ўся ўвага наша была скіравана на ўсход. Мой старэйшы брат Сяргей аднёс прыёмнік у Іёды і здаў пад распіску ў гміннае ўпраўленне.

У вёсцы стала ціха. Людзі былі занятыя ўборкай ураджаю. Ніякай інфармацыі не паступала. Адзіная газета “Навіны” прыходзіла ў вёску са спазненнем.

17 верасня быў ціхі і цёплы асенні дзень. З раніцы на ўсходзе пачулі мы аддаленае гудзенне. Апоўдні ў небе з’явіліся самалёты. Яны скідвалі лістоўкі, але да нас яны не даляталі. Потым нехта са знаёмых прыйшоў з Шаркаўшчыны і сказаў, што ідзе Чырвоная армія.

Сяргей пабег у Іёды і прынёс наш маленькі прыёмнік. Мы слухалі апошнія навіны Маскоўскага радыё. У навушніках зноў гучала “Кацюша” і іншыя знаёмыя нам і ўжо стаўшыя роднымі песні.

У школах закончыліся заняткі, і мы, хлапчукі, пабеглі за 5 кіламетраў на тракт Шаркаўшчына—Іёды сустракаць Чырвоную армію. Каля дарогі і на некаторых хатах былі вывешаны чырвоныя сцягі. Людзі радаваліся, абдымаліся. Па дарозе рухалася шмат тэхнікі: машыны, трактары, танкі. Ехалі на машынах і ішлі запыленыя байцы. Мы ўздымалі рукі, віталі іх, а яны ў адказ нам таксама махалі і ўсміхаліся. Нашай радасці не было мяжы. У Іёдах праходзілі шматлюдныя мітынгі. Устанаўлівалася савецкая ўлада. Праз пэўны час быў створаны Шаркаўшчынскі раён, у склад якога ўвайшла і наша вёска Шыці. Пачалі працаваць школы. Польскі настаўнік, беларус па нацыянальнасці, Канстанцін Лаўрыновіч адразу ж перабудаваў сваю работу. Урокі праводзіліся на беларускай мове. Зямля раздавалася сялянам. Памятаю, як у Шаркаўшчыне быў створаны аддзел народнай адукацыі. Загадчыкам аддзела стаў тады вядомы беларускі паэт, наш зямляк, Міхась Машара. Я да гэтага часу ўжо чуў пра яго, нават ведаў на памяць некалькі вершаў.

Усё гэта кіпучае, бурлівае жыццё паступова ўваходзіла ў звычайную каляіну. Але адначасова пачаліся арышты многіх сумленных людзей. Асабліва яны ўзмацніліся вясной 1941 года. Многіх савецкіх актывістаў тады ў вёсцы не стала”.

Па матэрыялах кнігі “Памяць. Шаркаўшчынскі раён” да друку падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.