У шчаслівым сузор’і

Актуальное

img-b9fbdc84c73cf90f59c953254348199b-v

Гартаючы газетную падшыўку за 1989 год, трапіў на нумар, у якім змешчаны матэрыял пад загалоўкам “У шчаслівым сузор’і”, аўтарам якога з’яўляўся былы старшыня Станіславоўскага сельсавета Часлаў Курыловіч. На жаль, яго ўжо шмат год няма з намі. Мне вельмі спадабаўся дадзены артыкул, бо ў ім расказваецца пра сяброўскае суіснаванне ў адной вёсцы людзей розных нацыянальнасцей рэспублік былога Савецкага Саюза, якіх прытуліла звычайная беларуская вёска Жукоўшчына.

“Многа мы сёння гаворым пра міжнацыянальныя адносіны. Не ўсё ўсюды ладзіцца. А мне вось напярэдадні ўз’яднання Беларусі ў адзіную савецкую сям’ю хочацца расказаць пра вёску, у якой жывуць не толькі беларусы, але і людзі іншых нацыянальнасцей. Жывуць дружна, ніякіх праблем. Усе працуюць, бо ведаюць: ад таго, як будуць працаваць сёння, залежыць як яны будуць жыць заўтра. Што і гаварыць, у нас і ў прапагандзе былі дапушчаны памылкі: маўляў, сацыялізм робіць людзей шчаслівымі, заможнымі. Аднак, калі чалавек сам і пальцам не паварухне, то ніякі сацыялізм яму не дасць шчасце. Дык вось заглянем у вёску Жукоўшчына, што ў калгасе “Іскра”. Тут на адной вуліцы жывуць азербайджанцы, украінцы, рускія, беларусы. Ну чым не інтэрнацыянальная вёска?

У азербайджанца Фірадзіна Бахціяра-аглы Багірава, калгаснага жывёлавода, жонка — беларуска. Старанна працуюць і жывуць някепска.

А вось у Філіпенкаў таксама сям’я інтэрнацыянальная. Гаспадар Валерый Мікалаевіч — украінец, а жонка Валянціна Сцяпанаўна — малдаванка. Побач жыве руская сям’я Уладзіміра Фёдаравіча Гаварухіна.

Усе карыстаюцца аднолькавымі правамі, маюць працу, якую жадалі.

50-годдзе ўз’яднання Беларусі — гэта свята не толькі беларусаў, але і тых, хто жыве з імі побач — і азербайджанцаў, і ўкраінцаў, і рускіх.

У шчаслівым нацыянальным сузор’і жывуць сялянскія сем’і. Прыходзяць у мясцовы клуб. З асалодай слухаюць беларускія народныя песні. Адзін да аднаго праяўляюць спагаду, добразычлівасць. Ці ж не галоўная гэта рыса савецкага ладу жыцця? І таму не дзіўна, што ў некаторых рэгіёнах краіны з’яўляюцца людзі з нацыянальнымі амбіцыямі. А ў Жукоўшчыне добра разумеюць, што толькі ў дружбе, творчай працы людзі знаходзяць сумеснае шчасце.

Вось даводзіцца гаварыць з тым азербайджанцам, украінцам, літоўцам. Усе зыходзіцца на тым, што сёння проста нельга жыць у разладзе. Перад намі стаяць вялікія задачы, дадзена магчымасць самім правіць краінай. Менавіта самім вызначаць далейшы шлях развіцця. І проста няма часу на ўсялякія дэбаты. Як сказаў нядаўна М. С. Гарбачоў, заўтра мы будзем жыць так, як будзем працаваць сёння. Справядлівыя словы. Жыць і працаваць нам і надалей у шчаслівым сузор’і”.

З моманту публікацыі ў газеце дадзенага матэрыяла мінула 32 гады. Згадзіцеся, што адрэзак часу досыць немалы. Шмат што змянілася ў Жукоўшчыне. З прыгаданых прозвішчаў жыхароў вёскі некаторых ужо няма сярод нас. Іншыя жывуць і цяпер. Жывуць на радасць сваім дзецям, унукам і праўнукам, бо і сапраўды звычайная невялікая беларуская вёска стала для іх другой радзімай.

Сяргей РАЙЧОНАК.