Праца лесаводаў ва ўсе часы была важнай і патрэбнай для жыцця грамадства, аховы экалогіі, развіцця эканомікі краіны. Лес — гэта каштоўны дар, і ад таго, у якім ён стане, у многім залежаць здароўе і якасць асяродка пражывання кожнага з нас. Людзі, якія звязалі сваё жыццё з лесам, ва ўсе часы былі ў пашане, бо гэта нялёгкая, карпатлівая праца патрабуе многа сілы і вытрымкі.
Лясны фонд нашага раёна ўваходзіць у склад Дзісненскага, Пастаўскага лясгасаў і Нацыянальнага парку”Браслаўскія азёры”. Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу — мы наведаліся ў Германавіцкае лясніцтва, каб пагутарыць з ляснічым Дзмітрыем Нарэйка пра сённяшні дзень установы.
— Дзмітрый Леанідавіч, што ўяўляе сабой Германавіцкае лясніцтва?
— Германавіцкае лясніцтва было створана ў далёкім 1945 годзе, адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Агульная плошча складае чатырнаццаць з паловай тысяч гектараў. Большая частка лясных угоддзяў знаходзіцца на тэрыторыі Міёрскага раёна — гэта заказнік “Ельня”. Пераважную большасць складаюць ліставыя пароды — асіна, бяроза. Менш хвойных — елкі і сасны.
— Як выконваюцца планы па лесанарыхтоўчых работах і іншых відах дзейнасці?
— Штогод Дзісненскім лясгасам нам даводзяцца планы па асвятленні, прачыстцы і прарэджванні лесанасаджэнняў, якія мы выконваем у поўным аб’ёме. Хоць лясныя масівы ў нас балоцістыя і цяжкадаступныя, тым не менш, спраўляемся са своечасовай і якаснай нарыхтоўкай дзелавой драўніны. Напярэдадні навагодніх свят рэалізуем насельніцтву елкі. Вясной нарыхтоўваем бярозавы сок, улетку — дзікаросныя ягады, восенню — яловыя і сасновыя шышкі.
— Якую тэхніку маеце ў лясніцтве для выканання адпаведных работ?
— Колькасць адзінак тэхнікі ў нас невялікая. Гэта аўтамабілі “Ніва”, УАЗ, “ГАЗель”, для дастаўкі людзей на месца працы. Тралёвачны трактар маркі “Беларус”, лесавоз-сартыментавоз МЛПТ-344 для вывазу драўніны з цяжкадаступных месцаў, таксама зроблены на базе трактара “Беларус”.
— Тэхніка тэхнікай, але ж аснова любой працы — людзі. Раскажыце пра ваш калектыў.
— Усяго ў калектыве працуюць 20 чалавек. Гэта інжынерна-тэхнічныя работнікі, леснікі, вальшчыкі, бухгалтар, вадзіцелі, рабочыя. Дарэчы, некалькі чалавек змянілі месца працы — далі згоду на перавод з Лужкаўскага лясніцтва ў Германавіцкае. Некаторыя зусім нядаўна прыступілі да выканання сваіх працоўных абавязкаў, як, напрыклад, бухгалтар Кацярына Шынько. Яна скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Некаторы час працавала ў банкаўскай сферы, а з ліпеня 2021 года працуе ў нас.
— Як і ў любой арганізацыі, напэўна, у вашай таксама ёсць лепшыя работнікі? Назавіце іх, калі ласка.
— Безумоўна. Вялікі стаж работы ў галіне маюць леснікі Аляксандр Васільеў, Пётр Талапіла, Сяргей Осіпаў, вальшчыкі Уладзімір Хрол, Сяргей Максімовіч, Мікалай Крыўко, вадзіцель Аляксандр Кулеш. Усе яны характарызуюцца са станоўчага боку.
— Дзмітрый Леанідавіч, а зараз раскажыце крыху пра сябе.
— Сваю працоўную дзейнасць на пасадзе майстра лесу пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума я займаў у Лужкаўскім вопытным лясніцтве. Праз два гады быў пераведзены на пасаду майстра па лесанарыхтоўках таго ж лясніцтва, дзе адпрацаваў шаснаццаць год. У сакавіку сёлетняга года быў пераведзены ў Германавіцкае лясніцтва, якое і ўзначальваю.
— Дзмітрый Леанідавіч, што пажадаеце сваім калегам і ўсім, хто звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай, з нагоды Дня работнікаў лесу?
Напярэдадні прафесійнага свята ад усёй душы жадаю сваім калегам моцнага здароўя, аптымізму, стабільнасці. Няхай усе вашы мэты і памкненні абавязкова рэалізуюцца, а ў сем’ях пануюць толькі згода, лад і дабрабыт!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.


