У межах акцыі «Сям’я без насілля» прайшоў спецыяльны рэйд

Актуальное

вось такі беспарадак убачылі ўдзельнікі рэйду ў адным з дамоў

Як вядома, у нашым раёне, як і па ўсёй краіне, вядзецца работа з сем’ямі, дзеці ў якіх па тых ці іншых прычынах не атрымліваюць патрэбнай увагі ад бацькоў. Штотыдзень па чацвяргах у межах акцыі «Сям’я без насілля» праводзяцца спецыяльныя рэйды. Пад увагу трапляюць наступныя катэгорыі: сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы або на ўнутрышкольным кантролі, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, у якія дзеці вернуты пасля прабывання ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. У адзін са снежаньскіх дзён група ў складзе педагога сацыяльнага ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Шаркаўшчынскага раёна» Алесі Уладзіміраўны Грыдзюшка, дзіцячай медсястры Лужкаўскай амбулаторыі Алены Алегаўны Хаданёнак і ўчастковага інспектара Лужкаўскага сельсавета Дзмітрыя Антонавіча Маліноўскага выехала для праверкі падрыхтаванасці названых катэгорый сем’яў да зімы. Пад гэтым, у першую чаргу, маецца на ўвазе запас паліва і прадуктаў. Таксама правяраецца чысціня і парадак у доме, наяўнасць пасцельнай бялізны, спраўнасць пячнога абсталявання, наколькі забяспечаны бяспечныя ўмовы пражывання дзяцей. У час рэйду мы пабывалі ў 18 сем’ях, якія пражываюць у Лужкаўскім сельсавеце ў населеных пунктах Лужкі, Гарадзец, Верацеі, Дубоўка, Казачкі, Іванава.

У некаторых дамах падтрымліваецца парадак, выконваецца большасць патрабаванняў і нават не сказаш, што дзецям тут пагражае нейкая небяспека, відаць, што бацькі стараюцца дастойна выконваць свае абавязкі. Хтосьці, збіўшыся з правільнага жыццёвага кірунку, спрабуе стаць на шлях выпраўлення. Напрыклад, муж і жонка А. з’ездзілі падчас акцыі «Прафілактыка і ТЫ» на бясплатную кадзіроўку ў раённую бальніцу. «Пакуль, — сцвярджае жанчына, — да выпіўкі не цягне.» Але, вядома, хапае і адмоўных з’яваў. Вось у адным з дамоў бачым беспарадак і неахайнасць, ні сама гаспадыня, ні яе дарослыя дочкі не робяць спробаў навесці парадак, для іх такі стан рэчаў нармальны. Жанчыне робіцца заўвага, каб была больш акуратнай у побыце і прывучала да гэтага дочак.

Па выніках праверкі па кожнай сям’і пішацца даведка, даюцца рэкамендацыі па тым, што неабходна зрабіць бацькам. Гэта даведка таксама накіроўваецца ў  сельсаветы, школы, якія павінны пракантраляваць выкананне сем’ямі рэкамендацый.

Трэба сказаць, што напрыканцы снежня праверка падрыхтаванасці сям’яў да зімы была праведзена ва ўсіх сельсаветах Шаркаўшчынскага раёна.

Андрэй БУРЭЦ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *