Юбілей службы занятасці

Актуальное

024

Сёлета споўнілася 30 год дзяржаўнай службе занятасці насельніцтва. Узровень занятасці — гэта не проста лічба, гэта паказчык развіцця рэгіёна, дабрабыту людзей.

— 30 год назад былі шырока распаўсюджаны грамадскія работы. Тыя, хто доўга не мог працаўладкавацца на пастаяннай аснове, накіроўваліся ў сельгаспрадпрыемствы на збор камянёў, уборку бульбы, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, — кажа нам былы дырэктар службы занятасці Шаркаўшчынскага райвыканкама Галіна Мікалаеўна Філатава. — Восенню 1986 года ва ўсіх раёнах рэспублікі былі ўтвораны аддзяленні па працаўладкаванні насельніцтва. Іх галоўнай задачай з’яўлялася адсочванне рынку працы. Мы пільна кантралявалі працоўных, якія прымаліся і звальняліся з работы, вялі ўлік вакантных працоўных месцаў. Пры Шаркаўшчынскім райвыканкаме існавала камісія па працоўных рэсурсах. Такім чынам, яе члены перыядычна наведвалі арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы з мэтай прыцягнення працоўных рэсурсаў на вакантныя месцы. Разам са мной у той час працавала галоўным спецыялістам, потым галоўным бухгалтарам Маргарыта Баговіч. У 1991 годзе, калі была створана служба занятасці насельніцтва, на працу прыйшла Людміла Бука, некаторы тэрмін у нашай службе працавалі Таццяна Клакоўская, Іраіда Баброва.

Ведаеце, 1990-я гады — гэта быў вельмі складаны перыяд. Паўсюдна скарачаліся працоўныя месцы, а для існавання чалавеку, як вядома, патрэбна аплочваемая работа, пастаянны заробак. У той час на ўліку ў службе занятасці ў сярэднім было каля 200 чалавек. І з кожным мы, спецыялісты службы, вялі індывідуальныя размовы. Дапамагалі і моладзі, якая пасля заканчэння школы не заўсёды паступала на навучанне ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Юнакоў і дзяўчат мы накіроўвалі ў розныя гарады Віцебшчыны, дзе яны набывалі самыя разнастайныя прафесіі, якія карысталіся попытам на рынку працы ў нашым рэгіёне.

У 2005-2010 гадах паўсюдна па краіне ішла рэалізацыя дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. У сельскай мясцовасці ў той час рамантаваліся старыя і ўзводзіліся новыя вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Вёска набывала новае аблічча. Рэалізацыя гэтай праграмы дазволіла працаўладкаваць дзясяткі людзей, якія былі часова беспрацоўнымі. Дадзеная катэгорыя работнікаў, у асноўным, займалася ўладкаваннем вулічных тратуараў, азеляненнем гарадскога пасёлка і аграгарадкоў, праводзілі і іншыя работы.

У 2007 годзе службу занятасці далучылі да ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Праз чатыры гады я пайшла на заслужаны адпачынак. Змяніла мяне на гэтай пасадзе Алена Хашкоўская, якая ў цяперашні час з’яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнікам аддзела занятасці.

Лічу, што праца, якой у свой час займаліся мы і якую працягваюць нашы калегі цяпер, нясе толькі карысць для грамадства, для кожнага чалавека.

Сяргей РАЙЧОНАК.