Аптымістка па жыцці — Яніна Іосіфаўна Курыловіч

Актуальное

678 (Копировать)Жыць і радавацца лёсу — такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца Яніна Іосіфаўна Курыловіч з вёскі Курылавічы Станіславоўскага сельсавета. 17 верасня гэта цудоўная жанчына сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння.
— Усходнюю частку нашай вёскі ўсе мы, нешматлікія жыхары, якія цяпер тут засталіся, называем па-ранейшаму Кусні, а заходнюю — Курылавічы, — кажа Яніна Іосіфаўна. — Затым два населеныя пункты аб’ядналі ў адзін. У гады маёй маладосці шмат жыхароў у нашай вёсцы было, вуліца поўнілася дзіцячымі галасамі. На процілеглым беразе ракі Дзісны знаходзілася вёска Рымкі Пастаўскага раёна. Паміж нашымі населенымі пунктамі цераз раку была перакінута кладка, па якой з вёскі ў вёску можна было не толькі пешшу перайсці, але і на матацыкле пераехаць. Цяпер Рымкі зусім абязлюдзелі, застаўся там толькі праваслаўны храм.
Нарадзілася я ў вёсцы Станіславова, там жа хадзіла ў школу, а сярэднюю адукацыю атрымала ў Новапагосцкай СШ Міёрскага раёна. Затым вучылася ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме імя Сурганава. Толькі вось папрацаваць па спецыяльнасці не давялося. Адразу пасля заканчэння навучальнай установы прапанавалі пасаду бухгалтара ў Станіславоўскім сельсавеце, дзе і адпарацавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Работа гэта мне падабалася, калектыў быў дружны. Калі прыйшла на працу, сельсавет узначальвала Марыя Пятроўна Марцынкевіч, затым на гэтым месцы яе змяніў Барыс Мікалаевіч Тумашэвіч. Шмат год адпрацаваў старшынёй сельсавета Часлаў Уладзіміравіч Курыловіч. Нязменным сакратаром на працягу многіх год была Валянціна Фёдараўна Жук.
З настальгіяй ўспамінаю тыя часы. Хоць і працаваць было складана, і дабірацца з дому да сельсавета далёка, але гэта былі незабыўныя гады маладосці, бадзёрасці, чалавечай добразычлівасці і людской спагады. Вось ужо дваццаць пяць год знаходжуся на заслужаным адпачынку. Мінулі два дзесяцігоддзі, як не стала майго спадарожніка жыцця — мужа Рамана. Працаваў ён на грузавым аўтамабілі ў мясцовым калгасе. Так склаўся лёс, што рана пайшоў з жыцця — не вытрымала сэрца, памёр на рабоце, якую вельмі любіў.
Разам з мужам мы нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей: дачку Алёну, якая жыве ў Шаркаўшчыне, сына Віктара, ён пражывае ў Станіславове. Маю чатырох унукаў і пяць праўнукаў. Вось якая багатая ў мяне сям’я.
На сённяшні дзень у Курылавічах пражывае толькі пяць чалавек — апусцела вёска. Пра гэта з болем у душы кажа Яніна Іосіфаўна. Тым не менш, жанчына стараецца не сумаваць і не сядзець без справы.
— Пакуль дазваляе здароўе, саджу невялікі агарод, — працягвае Яніна Іосіфаўна. — Вельмі люблю кветкі. Сёлета выдалася спякотнае лета, патрабавалася шмат вады для іх паліву. І цяпер мае астры і аксаміткі вабяць вока сваім хараством і прыгажосцю. Доўгімі зімовымі вечарамі займаюся вязаннем, разгадваю красворды, гляджу тэлебачанне. З нецярпеннем чакаю прыезда маіх родных — гэта для мяне найлепшае свята, калі побач самыя блізкія і дарагія сэрцу людзі.
На развітанне Яніна Іосіфаўна праводзіла нас да веснічак, перадаўшы ў дарогу кошык з вялікімі чырвонымі яблыкамі ў якасці пачастунку. Мы ж пажадалі імянінніцы яшчэ доўгіх і шчаслівых год жыцця. Паабяцалі, што праз пяць год мы зноў сустрэнемся з ёй у зацені дрэў каля сядзібы на стромкім беразе ракі Дзісны.
Сяргей РАЙЧОНАК.