«Настаўнік – гэта прызванне» – упэўнена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шаркаўшчынскай СШ №1 Наталля Атрахімовіч

Актуальное

2 (Копировать)На пытанне, ці былі ў яе жыцці калі-небудзь моманты, калі яна шкадавала пра выбраную педагагічную прафесію, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шаркаўшчынскай сярэдняй школы №1 Наталля Мікалаеўна Атрахімовіч адмоўна ківае галавой — не, зроблены калісьці выбар аказаўся правільным, педагогіка стала для яе справай жыцця, у якой яна дасягнула прафесійнага поспеху і прызнання.

Па словах Наталлі Мікалаеўны, у свой час на яе выбар паўплываў прыклад любімых настаўніц — Тамары Рафаілаўны Букі і Людмілы Львоўны Шаблоўскай. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава маладая дзяўчына пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Амбросенскай школе, у 1992 годзе перайшла ў Шаркаўшчынскую СШ №1, выпускніцай якой з’яўляецца сама. Прызнаннем прафесійнасці стала прызначэнне на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

— Непасрэдная работа з дзецьмі на ўроках (а цяпер я выкладаю рускую мову і літаратуры ў пятых і шостых класах) – больш жывая, творчая, — кажа Наталля Мікалаеўна. — Мы, настаўнікі, дзелячыся з вучнямі ведамі, у сваю чаргу, падзараджаемся ад іх энергіей. Працуючы з дзецьмі, і сам маладзееш. Адміністрацыйная работа, можа быць, і не такая цікавая, але вельмі важная для дзейнасці школы. І таму я адношуся да яе вельмі сур’ёзна.

Штогод вучні школы паспяхова выступаюць на раённым этапе школьных алімпіяд, а потым перамагаюць і займаюць прызавыя месцы ў вобласці. Хапае ў школе і медалістаў. Сёлета, дарэчы, быў вельмі высокі працэнт паступлення выпускнікоў першай школы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы — 78. Усё гэта сведчыць пра тое, што вучэбны працэс у школе арганізаваны на належным узроўні. А ў гэтым, вядома, вялікая заслуга Наталлі Мікалаеўны.

– Увогуле, у нашай прафесіі няма дробязей, — кажа яна. – Важна ўсё: і любоў да дзяцей са шчырай заклапачанасцю іх лёсамі, і прафесіяналізм, і штодзённы настрой, каб кожны дзень прыходзіць на работу з радасцю. А для гэтага трэба, каб прафесія настаўніка стала тваім сапраўдным прызваннем. Віншую сваіх калег з Днём настаўніка, зычу ім здароўя, аптымізму, натхнення ў працы, здольных і паслухмяных вучняў.

Андрэй БУРЭЦ.