Наша зямлячка Алеся Прахарэнка ўзначальвае факультэт сацыякультурных камунікацый БДУ

Актуальное

345 (Копировать)100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  – значная падзея для Беларусі і нацыянальнай сістэмы адукацыі. БДУ стаў першым і галоўным універсітэтам у нашай краіне. Святкаванне 100-годдзя БДУ рашэннем ЮНЕСКА ўключана ў Каляндар памятных дат на 2020-2021 гады.

На працягу ўсёй гісторыі БДУ з’яўляецца флагманам вышэйшай адукацыі Беларусі, яе навуковым і культурным цэнтрам. Універсітэт годна прадстаўляе краіну ў сусветнай адукацыйнай і навуковай прасторы. З’яўленню БДУ папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. Вырашальным стала падпісанне 25 лютага 1919 года Цэнтральным выканаўчым камітэтам Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі Дэкрэта аб адкрыцці ў горадзе Мінску Дзяржаўнага ўніверсітэта. Заняткі пачаліся 30 кастрычніка 1921 года. Першапачаткова ў структуру ўваходзіла тры факультэты – рабочых, медыцынскіх і грамадскіх навук. Іх студэнтамі ў той час былі 1390 чалавек. Штат выкладчыкаў складаўся з 49 чалавек, у тым ліку 14 прафесараў, 25 дацэнтаў і 10 асістэнтаў.

За 100 год універсітэт прайшоў доўгі і цікавы шлях. Сёння БДУ – гэта 18 факультэтаў, 4 адукацыйныя інстытуты, 7 устаноў адукацыі, 6 навукова-даследчых інстытутаў; 42 навукова-даследчыя лабараторыі; 8 інавацыйных вытворчых прадпрыемстваў; 177 кафедраў; 3 вучэбна-вопытныя станцыі, 4 музеі. Фонд Фундаментальнай бібліятэкі БДУ налічвае каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры. Калектыў БДУ складаюць больш за 8000 супрацоўнікаў. Адукацыйны працэс забяспечвае звыш 3500 выкладчыкаў, з якіх 8 акадэмікаў, 11 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, больш за 210 дактароў навук і прафесараў, звыш 980 кандыдатаў навук. Колькасць навучэнцаў складае каля 30000 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў.

Вядома ж, не атрымаецца назваць дакладную лічбу тых шаркаўчан, што скончылі БДУ ці вучацца цяпер.  Думаецца, іх будзе нямала. Шаркаўчане не толькі вучыліся, але і працавалі ў сценах адной з самых аўтарытэтных ВНУ рэспублікі на карысць беларускай навукі.

Прыемна адзначыць, што наша зямлячка Алеся Генадзьеўна Прахарэнка з’яўляецца дэканам факультэта сацыякультурных камунікацый.

– Хоць і нарадзілася я ў Чэбаксарах, але дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Шаркаўшчыне, куды ў 1981 годзе пераехалі мае бацькі – Генадзій Аляксеевіч і Таццяна Віктараўна Грышуніны, – расказвае Алеся Генадзьеўна. – Я хадзіла ў мясцовыя яслі-сад, вучылася ў Шаркаўшчынскай СШ №2, наведвала дзіцячую школу мастацтваў. З вялізнай цеплынёю ўспамінаю я школьныя годы і ўдзячна сваім настаўнікам, якія многаму навучылі мяне, заклаўшы трывалы падмурак для далейшай адукацыі, прывілі любоў да вучобы, сталі прыкладам у выбары прафесіі. Гэта дырэктар школы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, любімая першая настаўніца Марыя Сямёнаўна Лагун, педагогі Іна Васільеўна Прыходзька, Іна Пятроўна Забела, Ларыса Васільеўна Крук, Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, Зоя Апалінар’еўна Ткачонак, Надзея Іванаўна Чаркес, Іна Веніямінаўна Лутохіна, Галіна Мікалаеўна Быстрова, Раіса Анатольеўна Войтава, Алена Іванаўна Лук’янёнак, Алена Анатольеўна Афанасенка, Галіна Алегаўна Ахрамёнак, Галіна Пятроўна Сафончык, Таццяна Генадзьеўна Косар, Алена Паўлаўна Якушава, Андрэй Іванавіч Татаровіч, Барыс Пракоф’евіч Спірыдонаў.

У 1997 годзе я скончыла школу з залатым медалём і паступіла на факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. У 2002 годзе атрымала дыплом з адзнакай і прадоўжыла вучобу ў магістратуры і   аспірантуры. У 2010 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 2014 годзе мяне запрасілі на працу дацэнтам у БДУ. Праз год я стала загадчыкам кафедры камп’ютарнай лінгвістыкі і лінгвадыдактыкі факультэта сацыякультурных камунікацый. З красавіка гэтага года я ўзначальваю яго. У сферу маіх навуковых інтарэсаў уваходзяць выхаваўчы патэнцыял вучэбна-даследчай дзейнасці студэнтаў, лінгвадыдактыка, інфарматызацыя моўнай адукацыі.

ФСК – самы малады факультэт БДУ. 1 кастрычніка яму споўнілася 17 гадоў. Ён прапануе арыгінальныя методыкі падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дызайну, IT-сферы, прыкладной культуралогіі, перакладазнаўства, камп’ютарнай лінгвістыкі і лінгвадыдактыкі. Толькі на ФСК можна праслухаць такія курсы, як тэорыя і метадалогія дызайну, motion-дызайн, культурныя індустрыі, праграмная адаптацыя камп’ютарнай графікі, педагогіка дыялогу, інтэрнэт-лінгвістыка, дыскурсіўныя практыкі перакладу і іншае.

Для мяне асабіста вялікі гонар працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, узначальваць факультэт. Мы з калегамі працягваем слаўныя традыцыі нашых папярэднікаў і стараемся адпавядаць патрабаванням часу.

Андрэй БУРЭЦ.