Аграгарадок Більдзюгі стаў другой радзімай для сям’і Шэлдуновых з Украіны

Актуальное

 Святлана і Ілля Шэлдуновы разам з дзецьмі Аленай, Аляксеем і Міхаілам
Святлана і Ілля Шэлдуновы разам з дзецьмі Аленай, Аляксеем і Міхаілам

Спакойнае, размеранае жыццё… Кожны чалавек працуе, займаецца любімай справай, клапоціцца пра сваіх родных і блізкіх людзей, строіць планы на заўтрашні дзень. Але ў адно імгненне ўсё гэта можа абарвацца нібы тонкая нітка. Так здарылася і ў жыцці Іллі і Святланы Шэлдуновых з горада Макееўка Данецкай вобласці, сям’я якіх на працягу ўжо сямі год жыве ў аграгарадку Більдзюгі.
Кожны чалавек, незалежна ад нацыянальнасці, любіць і паважае сваю малую радзіму — куточак, дзе з’явіўся на свет, вырас, атрымаў адукацыю, пусціў жыццёвыя карані. Ілля і Святлана, звязаўшы свае лёсы ў адзін, таксама жылі і працавалі ў Макееўцы. Пасля атрымання адпаведнай адукацыі Ілля працаваў на сервісным цэнтры, з’яўляўся тэхнікам-механікам машынна-кампрэсарных халадзільных установак. Святлана працавала эканамістам на прыватным прадпрыемстве. У сям’і раслі дачушка Алена і сынок Лёша. Пераломным і лёсавызначальным годам у сям’і Шэлдуновых стаў 2014 год. Тады ў лютым месяцы змянілася ўлада ва Украіне, а ў красавіку пачаліся ваенныя дзеянні на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей. Жыццё памянялася карэнным чынам. На вуліцах гарадоў стала вельмі неспакойна: раз-пораз ішла перастрэлка, па населеных пунктах перамяшчалася ваенная тэхніка з боепрыпасамі, у якой ехалі салдаты са зброяй у руках.
— Асабліва небяспечна і боязна было па начах, — успамінае Святлана. — Страшна было класціся ў ложак, каб паспаць. Памятаю, аднойчы ноччу завязалася перастрэлка. У ваконным праёме было бачна, як мільгалі трасіруючыя кулі, паўсюдна чуліся выбухі гранат, гарматныя стрэлы. Тады я, моцна прытуліўшы рукамі абраз святой Божай Маці, малілася Усявышняму, каб адвёў пагрозу ад маёй сям’і, ад маіх дзяцей, градам каціліся слёзы з вачэй. Нельга перадаць словамі, што ўсе мы тады адчувалі.
— На такі выпадак мы разам з суседзямі па лесвічнай пляцоўцы абсталявалі ў падвале шматпавярховага дома часовае бомбасховішча з невялікім запасам вады, прадуктаў харчавання, — далучыўся да размовы Ілля. — У кватэры была сабраная “трывожная” сумка з рэчамі першай неабходнасці — лекамі, грашамі і дакументамі.
— Раніцай пачыналася звычайнае жыццё: працаваў гарадскі транспарт, людзі спяшаліся на работу, дзеці ў школу, — працягвае Святлана. — Па стане здароўя я праходзіла курс лячэння ў мясцовай паліклініцы. У адзін з дзён, калі трэба было пайсці да ўрача, у мяне на душы стала вельмі неспакойна, было прадчуванне трывогі. Тады я вырашыла застацца дома. Пазней даведалася, што менавіта ў той дзень на паліклініку з безпілотнага самалёта была скінута міна, шмат людзей загінула, некаторыя атрымалі цяжкія раненні.
Шмат нашых родных, знаёмых і сяброў вырашылі карэнным чынам змяніць сваё жыццё і месца жыхарства — пераехаць за межы Украіны. Абмеркаваўшы з Іллёй усе “за” і “супраць”, мы таксама, сабраўшы неабходныя рэчы, дакументы, вырашылі пераехаць у Беларусь. Чаму менавіта ў гэту рэспубліку? Ад сваіх знаёмых мы неаднаразова чулі, што ў Беларусі спакойна, што тут са спагадай прымаюць прыезджых людзей, перасяленцаў з усходняй часткі Украіны.
24 жніўня 2014 года Ілля са Святланай, дачкой Аленай і сынам Аляксеем упершыню ступілі на беларускую зямлю. Тры дні яны здымалі кватэру ў Мінску, звярталіся ў спецыялізаваныя ўстановы ў пошуку месца жыхарства і работы. У міграцыйнай службе прапанавалі разгледзець варыянты на сайце міністэрства працы. Там трапілася на вочы інфармацыя аб тым, што ў адкрытае акцыянернае таварыства “Жвіранка” Шаркаўшчынскага раёна патрабуюцца работнікі з прадастаўленнем жылля. Так Шэлдуновы вырашылі паехаць у Більдзюгі.
— У той час сельгаспрадпрыемствам кіраваў Сяргей Іванавіч Чапроўскі, — успамінае Святлана. — Нам выдзелілі дом, у якім не было ні мэблі, ні посуду, нават паліва, каб распаліць пліту, сагрэць жыллё і самім сагрэцца, таксама не было ў наяўнасці. У адчаі я сядзела на дарожных сумках і плакала. Пастаянна суцяшаў мяне Ілля, маўляў, гэта толькі цяпер цяжка, а потым наша жыццё стане на рэйкі, усё пакрысе ўсталюецца.
— Трэба сказаць, што людзі тут вельмі добразычлівыя і спагадлівыя, — кажа Ілля. — Наша цяжкае становішча яны ўспрынялі як свой асабісты боль. Кожны з іх дапамагаў нам, чым мог. Некаторыя прыносілі стулы, стол, ложкі, посуд, адзенне, нават веласіпед і дровы. Тым самым мы адчулі, што тут не адны, што побач жывуць людзі, якія ў любую хвіліну гатовыя дапамагчы, калі чалавек па волі лёсу трапляе ў бяду.
У адміністрацыі гаспадаркі мне прапанавалі пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах. Справа для мяне аказалася новай, незнаёмай, але пакрысе вучыўся, набываў вопыт працы ў сельскай гаспадарцы. Тут нават атрымаў пасведчанні трактарыста-машыніста і электрагазазваршчыка. Як аказалася, у далейшым гэта мне спатрэбілася для работы.
— А я, як толькі прыехалі ў Більдзюгі, знаходзілася ў дэкрэтным водпуску па догляду за сынам Аляксеем, — дапаўняе мужа Святлана. — Калі ён закончыўся, меркавала ўладкавацца па спецыяльнасці ў кантору гаспадаркі, але там не было вакансій. Першапачаткова працавала ў сталовай сельгаспрадпрыемства, потым, прайшоўшы навучанне, уладкавалася лабарантам.
На беларускай зямлі ў нас з’явілася трэцяе дзіця — сын Мішанька. Сёння не хочацца ўспамінаць і гаварыць пра тыя юрыдычныя моманты, з якімі сутыкалася наша сям’я з-за адсутнасці беларускага грамадзянства. Відаць, так лёс распарадзіўся, каб мы разам прайшлі гэтыя жыццёвыя выпрабаванні, засталіся вернымі адно аднаму.
З той пары, калі сям’я Шэлдуновых прыехала на шаркаўшчынскую зямлю, прайшло сем год. Пакрысе ўкраінцы прывыклі да мясцовых людзей, знайшлі з імі агульную мову, пасябравалі. Але ж па начах у сваіх снах яны па-ранейшаму бачаць сваю малую радзіму, сваіх родных людзей, з якімі цяпер размаўляюць па скайпу.
Няхай жа вам заўсёды шчасціць у далейшым у жыцці, Ілля, Святлана, Алена, Лёша і Міша!
Сяргей РАЙЧОНАК.