Першыя крокі ў выяўленчым мастацтве дапамагае рабіць сваім вучням малады выкладчык Шаркаўшчынскай ДШМ Данііл Дземідовіч

Культура Молодежь

IMG_2071 (Копировать)– Не забывайце пра перспектыву, – нагадвае сваім юным вучням выкладчык мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Данііл Дземідовіч, на заняткі да якога я завітаў.

Данііл – малады спецыяліст, пасля вучобы працуе ў Шаркаўшчыне па размеркаванні другі год. Падчас нашай размовы ён расказаў, чаму звязаў свой лёс з выяўленчым мастацтвам і што яму дало навучанне, як праходзяць заняткі і што ён плануе рабіць далей.

– Навучыцца маляваць я хацеў з дзяцінства, – расказвае Данііл. – Памятаю, у адным з пакояў нашай кватэры вісела карціна. І гледзячы на яе, я думаў: “Цікава, а ці змог бы я так рэалістычна намаляваць?”. Дарэчы, спачатку я займаўся музыкай, але потым перайшоў на мастацкае аддзялення нашай школы мастацтваў. Там мне спадабалася больш. Аднойчы наш выкладчык Віктар Фёдаравіч Крук нечакана для мяне прапанаваў паступіць у гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Восіпавіча Ахрэмчыка ў Мінску. Абмеркаваўшы прапанову з бацькамі, я згадзіўся. У мяне атрымалася паступіць, і далейшую адукацыю я атрымліваў там. Вядома, не так проста ў такім малым узросце было паехаць з дома. Але ўжо з першых дзён мне спадабалася жыць у інтэрнаце. І ўсе гады вучобы прайшлі для мяне цікава. Пасля гімназіі я скончыў каледж і меркаваў далей паступаць у Акадэмію мастацтваў, але перадумаў. Адпрацоўваць размеркванне вярнуўся ў Шаркаўшчыну. Жыву ў бацькоў, так што з актуальным для маладых спецыялістаў пытаннем жылля праблем няма. Ды і калектыў, у якім працую, можна назваць родным. Віктар Фёдаравіч Крук, іншыя выкладчыкі падтрымліваюць мяне, даюць карысныя парады. Лічу, што правільна зрабіў, што не стаў пакуль паступаць у Акадэмію мастацтваў і паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка. Гэта дало мне магчымасць крыху адпачыць ад вучобы і падумаць, у якім кірунку развівацца далей. І вядома, навучаючы сваіх вучняў, я сам многаму вучуся. У маім другім класе займаецца 9 чалавек, усе дзяўчаткі. Яны робяць свае першыя крокі ў чароўным, але патрабавальным свеце мастацтва. Навучаю іх асновам: маляваць фігуры, перадаваць планы, бачыць таны, спалучаць колеры, ствараць кампазіцыю. Ім трэба яшчэ многаму навучыцца, каб вольна перадаваць свае фантазіі і думкі на аркушы паперы. А ўвогуле, навучыцца маляваць – вельмі няпроста. Патрэбны не толькі здольнасці, але і сур’ёзныя адносіны да заняткаў, трэба пастаянна і вельмі многа працаваць. Адным словам, жывапісам трэба жыць.

Па шчырасці, яшчэ не вызначыўся, ці звяжу я свой далейшы лёс з традыцыйным выяўленчым мастацтвам ці, магчыма, паспрабую сябе ў іншым накірунку. У мяне яшчэ няма стопрацэнтнай пэўнасці, што жывапіс – гэта маё. Але ж кожнаму чалавеку ўласціва сумнявацца. У любым выпадку магу дакладна сказаць, што навучанне ў гімназіі-каледжы многае мне дало. Мастацтва – вельмі важная частка нашага жыцця, яно навучае нас бачыць прыгожае, уважлівей глядзець на свет. Займаючыся творчасцю, дзеці развіваюцца як асобы. Вось ў гэтым і бачу асноўную задачу ў сваёй рабоце з вучнямі.

Андрэй БУРЭЦ.

IMG_2059 (Копировать) IMG_2062 (Копировать)