У гаспадарках раёна спяшаюцца закончыць палявыя работы

Сельское хозяйство

Механізатары Анатолій Валеўка і Пётр Мядзюха
Механізатары Анатолій Валеўка і Пётр Мядзюха

Позняй восенню, як вядома, амаль кожны дзень ідуць дажджы. Не выключэннем з’яўляецца і сёлетні год. З лістападаўскага неба льюцца на зямлю халодныя вадзяныя струмені. Нічога не зробіш — такая пара года.
Асабліва гэта негатыўна сказваецца на рабоце аграрыяў. І калі з уборкай кукурузы ўсе гаспадаркі справіліся поўнасцю, то вось з уздымам зябліва справы ідуць горш. Па стане на 12 лістапада асенняе ворыва амаль завяршылі ААТ “Княж” і “Ельня-Агра”. Набліжаюцца да завяршэння ААТ “Даватарскі” і “Агратэхсэрвіс”. Значна меншыя паказчыкі ў ААТ “Жвіранка”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава. На мінулым тыдні мы наведалі КУВСП імя Маркава і ўласна ўпэўніліся, як працуюць мясцовыя аграрыі.

механізатар Сяргей Сакалоўскі
механізатар Сяргей Сакалоўскі

Дзве адзінкі энерганасычаных трактароў К-701 і К-744 “Кіравец” працавалі на 139-гектарным полі каля цэнтральнай аўтадарогі. Пасля дажджоў на полі стаяла вада, гліністая і вільготная глеба не дазваляла рухацца трактарам з плугамі, яны буксавалі. Пра якое ворыва можа ісці ў дадзеным выпадку размова? Побач знаходзіўся яшчэ адзін К-701 на выпадак буксіроўкі. Тэхніка з плугамі рухацца не магла, трасы падчас буксіроўкі рваліся. У выніку было прынята рашэнне пераехаць на іншы ўчастак, што і было зроблена.
На 15-гектарным полі за вёскай Букі працавалі тры адзінкі МТЗ-82 “Беларус” з плугамі. Мы пацікавіліся і іх працай.
— Работа ў нас спорыцца, працуем з самага ранку, — з усмешкай прамовіў механізатар Пётр Мядзюха, прыпыніўшы свой трактар, каб крыху з намі пагутарыць. — Зямля тут пясчаная, тэхніка рухаецца без перашкод.
— Зараз закончым гэты ўчастак і пераедзем уздымаць зябліва за вёску Савуткі, — далучыўся да размовы трактарыст Анатолій Валеўка. — Тэхніка ў нас не прастойвае, паліва хапае. Наша справа — працаваць сумленна.
Неўзабаве, завяршыўшы ўзворванне, механізатары рушылі на іншы ўчастак. Час прыспешвае, а наперадзе яшчэ 500 гектараў палёў, якія трэба ўзараць да пачатку зімы.
Сяргей РАЙЧОНАК.