
Дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў — установы культуры, дзе навучэнцы спасцігаюць навыкі ігры на музычных інструментах, спрабуюць свае сілы ў харэаграфічным, тэатральным мастацтве, робяць першыя замалёўкі фарбамі, нанесенымі на мальберт. Эстэтычнае выхаванне, якое арганічна дапаўняе выхаванне ў агульнаадукацыйных школах, актыўна развівае творчыя здольнасці і прыхільнасці навучэнцаў.
За перыяд існавання Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў тут сфарміраваліся свае традыцыі далучэння дзяцей да свету мастацтва. Тым больш, што асноўную частку педагагічнага калектыву складаюць вопытныя выкладчыкі, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод вучняў і іх бацькоў.
— Навучальны працэс, — кажа дырэктар Юрый Ціханавіч Пазейчук, — у нас праходзіць згодна з гадавым планам работы, які ахоплівае арганізацыю творчай, вучэбна-выхаваўчай дзейнасці, метадычнай, музычна-асветніцкай работы, правядзенне педагагічных саветаў, адкрытых урокаў і бацькоўскіх сходаў. Але галоўная наша задача — знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, разгледзець у ім творчыя здольнасці, прывіць пачуццё светлага, узнёслага, добрага і вечнага.
Жыццё школы насычанае. Мы не замыкаемся толькі на навучальным працэсе. Штогод праводзім музычна-тэарэтычныя віктарыны, віктарыны на лепшае выкананне музычных эцюдаў “Юный виртуоз”, конкурсы па выкананню твораў беларускіх кампазітараў і многа іншага. Нашы выхаванцы — удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці Лужкаўскага сельскага Дома культуры. У апошнюю нядзелю мая ў актавай зале школы мастацтваў праходзіць справаздачны канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў установы па выніках работы за мінулы навучальны год.
Некаторыя выпускнікі школы, якія пакідаюць яе сцены з пасведчаннем аб набыцці музычнай адукацыі, звязваюць свой лёс з музыкай і працай у сферы культурнай дзейнасці, а для кагосьці вучоба ў школе засталася светлым успамінам.

Паспяхова спасцігаюць музычную грамату і старанна займаюцца такія вучні: Паліна Барсук, Паліна Дзянісава, Дзіма Мядзелец, Міша Лапо, Лена Кашэль, Оля Альшэўская, Віка Пашковіч, Аксана Мядзелец. Канечне ж, нам, выкладчыкам, хацелася б, каб як мага больш з кожным годам нашых выпускнікоў звязвалі сваё жыццё з мастацтвам. Для нас гэта станоўчы паказчык педагагічнай работы, а ў першую чаргу, найлепшая ўзнагарода.
Гістарычная даведка
Лужкаўская музычная школа была створана ў 1979 годзе. У 2000 рэарганізавана ў школу мастацтваў. У 2006 годзе адкрыты яе філіял у аграгарадку Германавічы. Калектыў школы складаецца з васьмі педагогаў. Сёння навучанне праходзіць на інструментальным, тэатральным аддзяленнях. У 2012 годзе адкрыта мастацкае аддзяленне. Навучанне праходзяць 85 дзяцей, з іх — 39 у Германавіцкім філіяле. За перыяд існавання сцены школы пакінулі больш за 250 выпускнікоў. У свой час дырэктарамі ўстановы былі Мікалай Макаравіч Марозаў, Іван Канстанцінавіч Крахотка. З 1991 года калектыў узначальвае Юрый Ціханавіч Пазейчук.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.