Кожны год у першую нядзелю снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты нашай краіны. На прадпрыемствах і ў арганізацыях Шаркаўшчынскага раёна ёсць штатныя адзінкі юрысконсультаў. Не выключэннем з’яўляюцца і сельгаспрадпрыемствы.
У ААТ “Агратэхсэрвіс” юрысконсультам працуе Сяргей Русачонак. Мужчына не навічок у гэтай справе і ведае яе дасканала.
— Пасля заканчэння ў 2006 годзе Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа сваю працоўную дзейнасць я пачаў у Шаркаўшчынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў якасці юрысконсульта, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — У 2010 годзе закончыў юрыдычны факультэт ВДУ імя Пятра Машэрава. Працаваў юрыстам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, камерцыйных структурах. А з нядаўняга часу я займаю пасаду юрысконсульта ў ААТ “Агратэхсэрвіс”.
Прафесія юрыста, напэўна, з’яўляецца адной з самых папулярных. Дыпломы юрыстаў ёсць у многіх людзей, але застаюцца ў прафесіі далёка не ўсе, таму што работа гэта складаная і шматгранная. Неабходна пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень, бо заканадаўства пастаянна мяняецца.
У працэсе работы сутыкаешся з самымі рознымі пытаннямі: распрацоўка дакументаў прававога характару, дагаворная, прэтэнзійна-іскавая работа, кансультаванне работнікаў, удзел у рабоце шматлікіх камісій, ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, прадстаўленне інтарэсаў арганізацыі ў судзе, іншых дзяржаўных органах.
— З нагоды прафесійнага свята віншую ўсіх юрыстаў раёна, жадаю аптымізму, прафесійных перамог, шматлікіх поспехаў у такой складанай і адказнай працы, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, — сказаў Сяргей Аляксандравіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.