Старажытная гульня “Жаніцьба Цярэшкі”, дагэтуль з’яўляецца любімым баўленнем часу жыхароў аграгарадка Радзюкі. Штогод “жэняць” Цярэшку, і, як не дзіўна, моладзь разам са старэйшымі.
— Жыхары аграгарадка ведаюць, што на Каляды мы заўсёды ладзім гульню і збіраюцца паўдзельнічаць у гэтым вясёлым і арыгінальным дзеянні, — прызнаецца мастацкі кіраўнік сельскага Дома культуры Алена Маісеева.
Перад пачаткам дзеі ўдзельнікі мясцовай нацыянальнай народнай кухні “Груца” пякуць бліны на калодзе.
Як звычайна “Цярэшка” пачыналася з выбрання бацькі і маці. Яны пад гукі “Лявоніхі” злучалі 5—6 пар для ўдзелу ў ігрышчы. Затым арганізоўваліся розныя гульні. Напрыклад, гульня “Падушачка” дазваляла выбраць некага для пацалунка. У гульні “Іван ды Марыйка” хлопец з завязанымі вачыма павінен злавіць дзяўчыну.
— Праводзім і старадаўнія гульні “Ручаёк”, “Цотка і лішка”, “Галубкі” і іншае, — расказвае дырэктар Дома культуры Таццяна Лаздоўская.
Пры завяршэнні ігрышча “бацькі” бласлаўлялі маладыя пары і частавалі гарачымі блінамі.
Кацярына СОСНА.
Фота Валерыя КАВАЛЁНКА.
