8 снежня прайшло чарговае пасяджэнне раённага аб’яднання прафсаюзаў

Прафсаюзы

IMG_2475 (Копировать)На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры прайшло чарговае пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое вёў яго старшыня Ігар Віктаравіч Малюгін.
На пасяджэнне былі запрошаны старшыні галіновых прафсаюзаў раёна, а таксама старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый. З асноўным дакладам выступіў Ігар Віктаравіч Малюгін.
Так як ў некаторых пярвічных прафсаюзных арганізацыях па аб’ектыўных прычынах злажылі паўнамоцвы былыя старшыні, было разгледжана пытанне аб выбранні новых кіраўнікоў пярвічак.
У сваім выступленні Ігар Віктаравіч закрануў пытанні вядзення прафсаюзнай дакументацыі ў пярвічках. У абавязковым парадку ўсе павінны мець у наяўнасці Статут Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, згодна з якім і планаваць сваю работу. Дарэчы, старшынёй прафсаюза не можа быць абраны кіраўнік, яго намеснік або галоўны бухгалтар. Старшынёй не можа быць і работнік, якому споўнілася 65 гадоў. Тыя работнікі, якія шляхам галасавання выбіраюцца казначэямі і рэвізорамі пярвічак, павінны дасканала ведаць свае абавязкі і функцыі.
Па словах Ігара Віктаравіча, яшчэ далёка не ўсе прафсаюзныя пярвічкі маюць у сваіх арганізацыях інфармацыйныя стэнды. У абавязковым парадку гэту сітуацыю трэба вырашаць. Усім прысутным ён рэкамендаваў прапагандаваць дзейнасць прафсаюзаў праз раённую газету. Шаркаўчане павінны ведаць, як у той або іншай пярвічцы ладзяцца мерапрыемствы з удзелам прафсаюзаў і пры іх непасрэднай фінансавай падтрымцы, як заахвочваюцца перадавыя работнікі.
З нядаўняга часу ФПБ стала праводзіць конкурс на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю і на лепшы інфармацыйны стэнд. Сёлета ў ім удзельнічалі 11 пярвічак. Перамогу ў конкурсе заваявала пярвічка Лужкаўскай СШ. Другім стаў прафсаюз ААТ “Агратэхсэрвіс”. Замкнула тройку лідараў пярвічная прафсаюзная арганізацыя райвыканкама.
Ігар Віктаравіч выказаў надзею, што ў наступным годзе ў конкурсе прыме ўдзел большая колькасць пярвічных прафсаюзных арганізацый, каб падзяліцца сваім вопытам работы з іншымі.
У ходзе пасяджэння было закранута пытанне санаторна-курортнага лячэння ў прафсаюзных здраўніцах. Многія спасылаюцца на тое, што пуцёўкі каштуюць дорага. Тым не менш, на дадзены момант санаторыі практыкуюць для адпачываючых “тур выхаднога дня”, калі работнік можа набыць па невялікім кошце пуцёўку на суботу і нядзелю, тым самым прайсці комплекс аздараўленчых працэдур і проста з карысцю правесці свае выхадныя.
Як падкрэсліў Ігар Віктаравіч, пажадана было б, каб і экскурсійныя паездкі прафсаюзы ўвялі ў сваю практыку. Напрыклад, восенню райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ладзіў экскурсійную паездку па Глыбоцкім і Пастаўскім раёнах.
Затым слова для выступлення было прадастаўлена старшыні прафсаюзнай арганізацыі Шаркаўшчынскай ЦРБ Валянціне Хаданёнак. Не сакрэт, што яшчэ многа людзей, у тым ліку і ў нашым раёне, хварэюць каронавіруснай інфекцыяй. Найбольш эфектыўным метадам барацьбы з гэтым захворваннем на сённяшні дзень з’яўляецца вакцынацыя насельніцтва. Валянціна Уладзіміраўна падрабязна расказала пра вакцыны, якія ёсць у наяўнасці ў раённай бальніцы, агучыла лічбы па колькасці людзей, якія ўжо зрабілі прышчэпкі.
У завяршэнні пасяджэння Ігар Віктаравіч Малюгін павіншаваў прысутных з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі святамі, пажадаў усім трывалага здароўя, аптымізму, бадзёрасці і дабрабыту ў сем’ях.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_2477 (Копировать)IMG_2451 (Копировать)