Да 1 сакавіка гаспадаркі раёна павінны завяршыць падрыхтоўку тэхнікі да пасяўной (рэпартаж з мехмайстэрні ААТ «Ельня-Агра»)

Сельское хозяйство

перадавы механізатар ААТ "Ельня-Агра" Іван Шышковіч

Перад гаспадаркамі раёна пастаўлена задача завяршыць падрыхтоўку тэхнікі да пасяўной да 1 сакавіка. Як жа ідзе яе рамонт у гаспадарках раёна? Як правіла, 60—70 працэнтаў тэхнікі рамантуецца непасрэдна ў майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў. Пакуль вялікай актыўнасці няма, бо гаспадаркі адчуваюць востры недахоп грашовых сродкаў на закуп камплектуючых запасных частак. Як паведамілі ў аддзеле па механізацыі райсельгасхарчу, на 21 снежня па раёне з 23 камбінаваных і глебаапрацоўчых агрэгатаў адрамантаваны  17, у пасяўную будуць задзенічаны 52 раскідальнікі мінеральных удабрэнняў, з якіх 31 — адрамантаваны. З 64 машын для вывазкі цвёрдага ўдабрэння 51 гатова да работы.

Да пачатку вясны павінны прайсці тэхабслугоўванне ў дылерскім цэнтры “Глыбокае” 12 энерганасычаных трактараў. Пакуль прайшлі 8. 15 рухавікоў і 5 каробак пераменных перадач адпраўлены на Віцебскі маторарамонтны завод. А ў Верхнядзвінскім райаграсэрвісе ўзнаўляюцца апырсквальнікі і льнокамбайны (з 22 гатовы 15). Хто багацейшы, разлічваецца з рамонтнікамі і забірае патрэбнае, бо рамонт іх не затрымліваецца.

Як непасрэдна вядуцца рамонтныя работы на месцах, мы вырашылі даведацца ў адной з гаспадарак.

У мехмайстэрні ААТ “Ельня-Агра” раз-пораз мільгаў блакітны агеньчык газаэлектразваркі. Гэтай работай заняты малады работнік гаспадаркі Васіль Антонкін. Ён разам з механізатарам Іванам Шышковічам перарабляе чызельны культыватар КЧ-5,1 пад навясны, каб чапляць да яго яшчэ і счэпку барон. Тым самым, як сказаў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Пётр Толсцік, з’эканоміцца паліва і працоўныя рэсурсы. На вуліцы за майстэрняй рамантавалі бароны Васіль Якімовіч і Віталь Конан. У гаспадарцы ў наяўнасці — 26 адзінак і механізатары завяршаюць іх рамонт.

Варта сказаць, што ў сельгаспрадпрыемстве з году ў год усе 17 механізатараў выконваюць адны і тыя ж работы, і за імі замацавана патрэбная ім тэхніка.

газаэлектразваршчык Васіль Антонкін за работай

Скажам, у гаспадарцы ёсць двое абаротных плугоў. ППО-8-40К будзе навешваць на трактар Яўген Шчукін, на трактары МТЗ-1523 з плугам ПОПП-4-40 будзе працаваць Віталій Конан. На раскідванні мінеральных тукаў пастаянна задзейнічаны Аляксандр Мацкевіч і Андрэй Удобкін. Першыя работы ў полі па догдяду азіміны на агрэгаце “Раса” будзе выконваць Васіль Якімовіч. Вывазку арганікі на трактарах МТЗ-82 з прычапнымі агрэгатамі ПРТ-10 і ПРТ-7 правядуць Мар’ян Грыдзюшка і Леанід Васілеўскі. Дарэчы, Леанід Канстанцінавіч на заслужаным адпачынку, але мае намер яшчэ ў гэту пасяўную дапамагчы гаспадарцы.

У Глыбоцкім дылерскім цэнтры рамантуецца трактар МТЗ- 3022, а на Віцебскім маторамонтным заводзе — рухавік ад трактара.

У дыспетчарскай майстэрні вядзецца ўлік выканання механізатарамі акордных нарадаў на момант рамонту і рабочага часу механізатараў, ёсць уся патрэбная дакументацыя.

Адно дрэнна, не ўцеплена памяшканне, дзе працуюць рамонтнікі, і ім даводзіцца час ад часу заходзіць у падсобныя памяшканні, каб сагрэцца.

Кацярына СОСНА.

Фота Аляксандра БАРЫЛЫ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *