У Шаркаўшчынскім філіяле УП “Віцебскаблпаліў” павіншавалі з юбілеем вадзіцеля Паўла Рэдзіку

Общество

«Ён — прыклад для іншых» — так сказаў дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпал” Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок пра вадзіцеля грузавога аўтамабіля Паўла Рэдзіку.
20 снежня Павел Багуслававіч адзначыў свой юбілей — 50-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды ў актавай зале прадпрыемства сабраўся ўвесь калектыў арганізацыі. Словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў юбіляру выказаў Міхаіл Уладзіміравіч. У прыватнасці, ён адзначыў бездакорную працу Паўла Багуслававіча, яго сумленныя адносіны да даручанай справы. Ён таксама ўручыў юбіляру Ганаровую грамату абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпал” за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў. Да віншаванняў далучыліся таксама прадстаўнікі адміністрацыі і работнікі прадпрыемства.
Павел Рэдзіка нарадзіўся на Браслаўшчыне, а потым у чатырохгадовым узросце трапіў у Шаркаўшчыну. Лёс яго склаўся як і ў большасці юнакоў 1980-х гадоў. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 пайшоў вучыцца ў Глыбоцкае СПТВ. Затым была тэрміновая служба ў войску. І вось ужо 28 год ён нязменна працуе ў адной арганізацыі. Развозіў спачатку насельніцтву дровы на трактары, крыху пазней на грузавым аўтамабілі.
— Дзясяткі тысяч кіламетраў праехаў за гэты час па населеных пунктах нашага раёна, — з усмешкай сказаў нам Павел Багуслававіч. — Так бывае, што за дзень выконваю я і іншыя вадзіцелі па 6—8 рэйсаў, дастаўляем насельніцтву торфабрыкет, дровы.
Дома ж яго заўсёды з нецярпеннем чакаюць родныя — жонка Людміла, дачка Вераніка і сын Антон. Гэта, па словах Паўла Багуслававіча, і з’яўляецца надзейнай падтрымкай у жыцці.
Сяргей РАЙЧОНАК.