“Кніга — на ўсе часы”. Мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў Шаркаўшчынскай СШ №1

Молодежь

Мінулы год у нашай краіне праходзіў пад знакам кнігі. Афіцыйнае яго завяршэнне плануецца правесці на рэспубліканскім узроўні на ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Варта нагадаць, што ў 2017 годзе будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Так што гэта тэма пастаянна будзе прысутнічаць на старонках сродкаў масавай інфармацыі.

У актавай зале Шаркаўшчынскай СШ № 1 праводзілася мерапрыемства пад дэвізам “Кніга — на ўсе часы”. На ім прысутнічалі работнікі аддзела адукацыі райвыканкама, вучні — прызёры розных конкурсаў са школ раёна, і проста госці свята — усе тыя, хто неабыякава адносяцца да яе вялікасці Кнігі. Праграму правядзення свята распрацавалі спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Спачатку Ірына Рычардаўна Рымдзёнак, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама, падвяла вынікі акцыі “Кніга на ўсе часы”. Яна сказала аб тым, што вучні сярэдніх школ раёна за год пабывалі у Радзюкоўскім сельсавеце, Белдзяржстраху, Лужкаўскай урачэбнай амбулаторыі, аддзеле дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН, Белаграпрамбанку і Беларусбанку, ЦРБ, райспажыўтаварыстве, РАНС, РАУС, РЭС. Перад слухачамі яны чыталі ўрыўкі з любімых твораў розных аўтараў.

Кніга ўваходзіць у жыццё з ранняга дзяцінства, мы прывыкаем да яе, як да паветра, якім дыхаем, як да сонца, якое асвятляе ўсё навокал. З кнігай кожны з нас падарожнічае на шмат гадоў наперад, у будучыню, і назад, у гісторыю.

У некага могуць ўзнікнуць пытанні: “Ці патрэбна кніга ў ХХІ стагоддзі? Ці сябруюць з ёй дзеці?”. Каб адказаць на гэтыя пытанні, было праведзена відэаапытанне сярод насельніцтва раёна, а сюжэт з яго прадэманстраваны на мерапрыемстве.

Хто ж лепшы чытач нашых бібліятэк? Як высветлілася, імі з’яўляюцца сястра і брат Валошыны. Алёна ходзіць у 7, а Антон — у 5 класы Шаркаўшчынскай СШ № 1. Вера Барысаўна Жук, старшыня прафкама аддзела адукацыі райвыканкама, падзякавала ўсім чытачам бібліятэк за іх актыўнае наведванне кніжных “храмаў” раёна, а пераможцам уручыла падарункі.

Жыве сярод нас кніга ўжо некалькі тысячагоддзяў. Раней людзі, каб перадаць інфармацыю, малявалі на сценах пячор, пазней пісалі на гліне, скуры, папірусе, бяросце. Сапраўдную паперу навучыліся вырабляць дзве тысячы гадоў таму. На выданне першай рукапіснай кнігі трацілася 5—7 гадоў.

Адным з старэйшых стараславянскіх рукапісаў, якія захаваліся да нашых дзён, з’яўляецца богаслужбовая кніга “Апостол”, якая ўтрымлівае часткі Новага Завету — “Деяния” і “Послания святых апостолов”, выдадзеная маскоўскай друкарняй Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца ў 1563—1564 гадах. Дарэчы, гэты год аб’яўлены годам праваслаўнай кнігі. Аб усім гэтым паведаміў прысутным запрошаны на свята свяшчэннік Віктар Валашчук.

За вялікую работу, праведзеную ў рамках Года кнігі, узнагароджаны вучні СШ № 1, Шкунціцкай, Радзюкоўскай базавых і Лужкаўскай сярэдняй школ.

На сцэне правялі літмантаж вучні СШ № 1, Германавіцкай СШ, Іёдскай СШ-сада. З творчай праграмай выступілі прафесіяналы — пісьменнікі, удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.

Другі год у цэнтры дзяцей і моладзі працуе гурток “Юны журналіст”. Яго ўдзельнікі падзяліліся з прысутнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў гуртку.

На працягу года працягваўся раённы літаратурны конкурс “Слова трапяткі парыў”. Яго пераможцы Крысціна Валяўка і Павел Баркоўскі з Більдзюжскай СШ прачыталі верш Уладзіміра Караткевіча “Кнігі”. Зацікавіў прысутных сваёй артыстычнасцю Цімур Гагохія з Каўшэлеўскай базавай школы, які прачытаў верш Васіля Віткі “Доктар Нос”. А Юлія Абрамчык з Більдзюжскай СШ выступіла з вершам уласнага сачынення “Не забывайце старых”.

Самая маленькая ўдзельніца свята Анастасія Дубоўская з СШ № 1 у беларускім нацыянальным касцюме прачытала верш У. Караткевіча “Беларуская песня”.

Затым былі падведзены вынікі дабрачыннай акцыі “Алімпійскае сэрца”. На сабраныя сродкі закуплены падарункі і перададзены дзецям раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Частка з іх была адпраўлена Ветранскаму дому-інтэрнату.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі прынялі актыўны ўдзел у традыцыйнай раённай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “Калядная зорка”. Палёт дзіцячай фантазіі невычарпальны. Усе вырабы зроблены якасна, з натхненнем і ў розных відах тэхнікі: роспіс па шкле, мяккая цацка, тэкстыль, лепка з цеста, выцінанка і іншае. Пераможцаў дадзенага конкурсу ўзнагароджвала Кацярына Рыгораўна Міхнёнак, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама.

Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *