Чалавек і яго справа: галоўны энергетык КУВСП “Гарадзец” Уладзімір Захар’еў

Сельское хозяйство

Роўна дваццаць год у сферы энергетыкі працуе Уладзімір Захар’еў. У 2001 годзе ён быў назначаны на пасаду электрыка КУВСП “Гарадзец”, а праз чатыры гады стаў галоўным энергетыкам гэтага сельгаспрадпрыемства.
— Прафесію гэту я выбраў свядома, — кажа Уладзімір. — Пасля тэрміновай службы ў арміі, адпрацаваўшы год механізатарам у тагачасным саўгасе “Верацеі”, вырашыў пайсці вучыцца ў Полацкае СПТВ-167. Там і набыў спецыяльнасць электрыка-сувязіста. У далейшым вярнуўся ў родныя мясціны, дзе жыву і працую. Дарэчы, ніколі пра сваё рашэнне не пашкадаваў.
У гаспадарцы ёсць яшчэ электрык і брыгада па працаёмкіх працэсах, з якімі мы працуем у цеснай сувязі. Аб’ём работы для нас вялікі, бо адказваем за бесперабойнае электразабеспячэнне ўсіх сельскагаспадарчых аб’ектаў. Але ніколі не было нараканняў на выкананне службовых абавязкаў з боку кіраўніцтва гаспадаркі і працаўнікоў.
Вось ужо на працягу двух год у аграгарадку Лужкі працуе міні-гідраэлектрастанцыя на рацэ Мнюта. Я цалкам адказваю за яе эксплуатацыю. Няпроста бывае іншым разам вырашаць сельгаспытанні нашага накірунку і сачыць за працай міні-ГЭС. Тым не менш, мне гэта справа па душы, хоць яна і звязана з рызыкай для жыцця.
Сяргей РАЙЧОНАК.