
Напрыканцы студзеня жыхарка вёскі Казачкі (Лужкаўскі сельсавет) Ніна Піліпаўна Аблажэвіч адсвяткавала 80-гадовы юбілей. У дзень нараджэння да юбіляркі прыехалі, каб павіншаваць са святам, старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская і намеснік дырэктара КУВСП “Гарадзец” па ідэалагічнай рабоце Наталля Віктараўна Катушонак. Таксама завіталі ў госці і прадстаўнікі Дворнаўскага СДК — дырэктар Антаніна Калінікаўна Рудак і акампаніятар Аляксандр Анатольевіч Каснікоўскі.
Таццяна Мікалаеўна павіншавала юбілярку — пажадала моцнага здароўя, бадзёрасці, паболей радасці і аптымізму. Старшыня сельсавета даўно ведае Ніну Піліпаўну, таму адрасавала жанчыне шмат цёплых і шчырых слоў.
Наталля Віктараўна адзначыла, што ў юбіляркі ў доме і каля дому ідэальны парадак і чысціня, якім могуць пазайздросціць нават маладыя гаспадары. Работнікі культуры павіншавалі Ніну Піліпаўну песнямі, у тым ліку спявалі “З днём нараджэння”.
Юбілярка была кранута ўвагай з боку мясцовай улады. Ніна Піліпаўна прызналася, што нават не чакала, што пра яе памятаюць і павіншуюць непасрэдна ў дзень юбілею.
Пасля таго, як словы-віншаванні скончыліся і прагучала апошняя песня, селі, каб пагутарыць з жыхаркай вёскі Казачкі. Перш за ўсё жанчына пачала расказваць пра сваіх блізкіх. Сын Васілій працуе ў электрасетках у Полацку, нявестка Яна — бухгалтар. Іх дачка — гэта значыць унучка юбіляркі — Вольга вывучае замежныя мовы ва ўніверсітэце.
Ніна Піліпаўна нарадзілася тут жа, у Казачках. У 1969 годзе бацькі пабудавалі дом, у якім і зараз жыве жанчына. У сям’і было пяцёра дзяцей — сястра і тры браты. Зараз брат Генадзій жыве ў Даўгаўпілсе, сястра Ларыса ў Полацку.
Ніна Піліпаўна з маладых гадоў працавала ў калгасе “Улада Саветаў”. Працоўны стаж пачаўся ў 1950-м годзе, давялося быць паляводам, даяркай,

загадчыцай фермы, а таксама працавала на лесанарыхтоўцы, нарыхтоўвала торф.
— Я ніколі не баялася працы, — расказвае Ніна Піліпаўна. — З малых гадоў прывучана. Раней жанчыны працавалі нараўне з мужчынамі. Ніхто не думаў пра ўмовы працы, пра нейкі камфорт.
Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, жанчына некалькі гадоў працавала — аб гэтым папрасіла кіраўніцтва калгаса.
У юбіляркі ёсць захапленні, як кажуць, занятак для душы. Ніна Піліпаўна вельмі любіць вышываць і ткаць. Пакоі яе дома ўпрыгожаны вырабамі ўласнай вытворчасці. “Гадоў 5—6 таму нават заняла першае месца ў раёне падчас выставы-конкурсу самадзейных майстроў”, — хваліцца бабуля. Другое захапленне — гэта кветкі, якія даюць Ніне Піліпаўне сілы і энергію. У кожным пакоі шмат розных раслін, пра якія пажылая жанчына клапоціцца.
— Увогуле, жыць хочацца, — разважае юбілярка. — Зараз жыццё куды больш цікавае і камфортнае, чым у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Галоўнае, каб не падводзіла здароўе.
Ніна Піліпаўна адзначыла, што кіраўніцтва сельскага Савета і мясцовай гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач, калі ўзнікне якое-небудзь пытанне. Медработнік пастаянна наведваецца.
У вёсцы ёсць дом сацыяльных паслуг, куды ходзяць мясцовыя жыхары, у тым ліку Ніна Піліпаўна. Жанчына любіць пагутарыць з суседзямі.
Рэгулярна ў госці прыязджае сын Васілій з сям’ёй. “Увогуле, сын вельмі дапамагае: і двор ад снегу пачысціць, і дроў нарыхтуе, і вады прынясе, — адзначае суразмоўца. — А з унучкай Оляй можам гадзінамі размаўляць”.

Пасля гутаркі з Нінай Піліпаўнай засталіся толькі добрыя ўражанні. Гэты чалавек у 80 гадоў не наракае на жыццё, не скардзіцца на здароўе, чым, нярэдка, грашаць нават маладыя людзі. Ніна Піліпаўна ў размове ні разу не паскардзілася на свае балячкі, на адсутнасць увагі. Яна поўная аптымізму і жадання жыць. Жыць на радасць сваім блізкім, а не быць ім абузай.
І яшчэ хочацца адзначыць старанне старшыні сельскага Савета памятаць пра дні нараджэння пажылых людзей. Галоўнае, што Таццяна Мікалаеўна знаходзіць час, каб наведаць і павіншаваць былых працаўнікоў, якія лепшыя гады жыцця аддалі народнай гаспадарцы.
Аляксандр БАРЫЛА