Раённы аўтаклуб атрымаў новы транспарт — мікрааўтобус “ГАЗель NEXT”

Главное Культура

самадзейныя артысты перад чарговым выездам у вёскі раёна

Аўтаклуб аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама працуе ўжо шмат гадоў. Як расказвае яго загадчыца Таццяна Крыўко, удзельнікі маюць багаты вопыт арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў для жыхароў аддаленых вёсак.
— Прыезд самадзейных артыстаў для вяскоўцаў заўсёды свята, — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — Яны кідаюць хатнія справы, рыхтуюцца, хвалююцца ў чаканні ўжо знаёмага аўтобуса. А ён і ў спёку, і ў дождж, і праз снежныя завеі вязе радасць, цеплыню і ўвагу, якіх так не хапае пажылым людзям. І вось з імправізаванай сцэны льюцца песні, прыпеўкі, гучаць гумарэскі на радасць прысутнай публікі.
— Бывае так, што канцэрты ладзім на падворках вяскоўцаў, — далучаецца да размовы акампаніятар Галіна Пятроўна Сафончык. — Стацыянарных клубных устаноў з кожным годам становіцца ўсё менш, але мы па-ранейшаму нясём культуру людзям, адраджаем традыцыі, народную творчасць. Імкнёмся выязджаць як мага часцей. У летні перыяд акрамя будняў жыццяўляем выезды і ў выхадныя. Спяшаемся ў сельскую глыбінку на святы вёсак, віншуем юбіляраў, ветэранаў працы, удзельнічаем у раённых і абласных акцыях, конкурсах. Да таго ж яшчэ пры аўтаклубе створаны і дзейнічаюць два аматарскія аб’яднанні: “Душэўная ўтульнасць” (кіраўнік — Галіна Сафончык) і фотаклуб “Погляд” (кіраўнік — Сняжана Маляўка).
Штат работнікаў аўтаклуба невялікі: загадчык, два акампаніятары і вадзіцель. Дарэчы, зусім нядаўна аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзякуючы намаганням і фінансавым сродкам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і кіраўніцтву Шаркаўшчынскага райвыканкама, набыў новы мікрааўтобус “ГАЗель NEXT”, які цяпер і выконвае функцыі аўтаклуба — нестацыянарнай установы культуры.
— Цяпер у нас мноства новых планаў, задумак і ідэй, якія мы будзем ажыццяўляць, каб быць запатрабаванымі сярод насельніцтва, — кажа Таццяна Крыўко. — Бо для нас гэта не проста работа, а стан душы.
Сяргей РАЙЧОНАК.