28 снежня на пасяджэнні дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі змяненні і дапаўненні, унесеныя ў праект Канстытуцыі

Главное Общество

Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Думкі грамадзян Беларусі аб зменах у Асноўны Закон будзе акумуляваць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, магчымыя прапановы накіроўваюцца менавіта туды. 28 снежня праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі для ўсенароднага абмеркавання надрукаваны ў вядучых рэспубліканскіх СМІ краіны. Ён таксама размешчаны на сайце Прэзідэнта, Інтэрнет-партале Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, БЕЛТА.
28 снежня ў малой зале райвыканкама адбылося пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі, дзе прысутныя абмеркавалі змяненні і дапаўненні, унесеныя ў праект Асноўнага Закона нашай краіны.
На пасяджэнне былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў па ідэалагічнай рабоце, старшыні грамадскіх арганізацый раёна.
У якасці экспертаў выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Мацвеевіч Сільчонак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Мадэратарам з’яўлялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома.
— Новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта яшчэ адзін крок да ўмацавання незалежнасці краіны, — адзначыла Людміла Уладзіміраўна. — Любому чалавеку, які клапоціцца пра незалежнасць дзяржавы, трэба абавязкова прыйсці і прагаласаваць за гэты варыянт Канстытуцыі, якая адлюстроўвае новы этап палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай эвалюцыі беларускага грамадства. Дакумент стварае магчымасць для далейшага росту і развіцця краіны. Новая рэдакцыя Асноўнага Закона дае больш дэмакратычных магчымасцяў для самарэалізацыі тым грамадзянам, хто марыць пра палітычную кар’еру, адкрывае новыя гарызонты для развіцця эканамічнай дзейнасці. Тут мы бачым умацаванне заканадаўчай улады, у першую чаргу Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што беларускае грамадства патрабуе ўдасканалення палітычнай сістэмы, а гэта магчыма толькі праз Асноўны Закон. Таму кожны, хто хоча для нашай дзяржавы дабра і дынамічнага развіцця, той будзе галасаваць за новую стратэгію будучыні, якая адлюстравана ў новым праекце Закона.
Затым слова для выступлення было прадастаўлена дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Паўлу Мацвеевічу Сільчонку.
— Праект Канстытуцыі нашай дзяржавы амаль на працягу года распрацоўваўся Канстытуцыйнай камісіяй, рабочай групай пад пільнай увагай кіраўніка краіны і з яго непасрэдным удзелам, — паведаміў Павел Мацвеевіч. — Усе прапанаваныя на гэтым этапе змены актыўна публікаваліся ў сродках масавай інфармацыі. Прапановы агучваліся імі на сустрэчах з членамі Канстытуцыйнай камісіі і дыскусійных пляцоўках. Таму ўжо можна цяпер сказаць з упэўненасцю, што гэта народны праект нашага Асноўнага Закона.
Вельмі важна, каб ва ўсенародным абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю прыняла ўдзел і моладзь. Менавіта маладым людзям трэба будаваць светлую будучыню нашай дзяржавы, каб краіна дынамічна развівалася як суверэнная рэспубліка. Сёння кожны малады чалавек можа выказаць свае прапановы ці заўвагі па праекце Асноўнага Закона. Можна накіроўваць свае меркаванні праз акаўнты Маладзёжнага парламента ў сацыяльных сетках або спецыяльную форму на сайце структуры mpns.by.
— Наша краіна прайшла няпросты шлях станаўлення і развіцця, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. — Усе мы разам стваралі мадэль сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Цяпер мы выходзім на новы этап свайго гістарычнага развіцця. Надышоў час зрабіць чарговы крок для будучага развіцця нашай краіны — прыняць змяненні ў асноўны дакумент. Новая Канстытуцыя, я ўпэўнены, будзе садзейнічаць патрабаванням часу. Мы адкрываем чарговую старонку ў гісторыі сучаснай Беларусі. Упэўнены, што ў чарговы раз беларускі народ праявіць мудрасць і жаданне заставацца гаспадаром на сваёй зямлі.
Падводзячы вынікі пасяджэння дыялогавай пляцоўкі, было прынята рашэнне правесці аналагічныя сустрэчы-дыскусіі ў працоўных калектывах, у грамадскіх арганізацыях гарадскога пасёлка і раёна, каб данесці да кожнага жыхара аб’ектыўную інфармацыю па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны.
Людміла Уладзіміраўна Стома ўручыла Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прадстаўнікам ААТ “Княж”, УКП ЖКГ і ААТ “Жвіранка” па выніках праведзенага абласнога маніторынга на лепшую ідэалагічную работу ў калектывах.
Сяргей РАЙЧОНАК.