ААТ “Ельня-Агра”: перспектывы жывёлагадоўчай галіны

Сельское хозяйство

на малочна-таварнай ферме Зорка

ААТ “Ельня-Агра” — невялікая гаспадарка. Тым не менш, значная ўвага ўдзяляецца жывёлагадоўлі. На сённяшні дзень у адкрытым акцыянерным таварыстве маецца 1350 галоў буйной рагатай жывёлы. У планах — павелічэнне пагалоўя жывёлы да 1480 галоў, у тым ліку дойнага статка — да 450.

знешні выгляд фермы

З галоўным заатэхнікам Уладзімірам Буда давялося сустрэцца на малочнатаварнай ферме Зорка. Спецыяліст гаспадаркі арганізаваў экскурсію па аб’екту жывёлагадоўлі. Наведалі памяшканне, дзе ўтрымліваецца 250 галоў маладняку на дарошчванні. Гэту жывёлу даглядаюць тры жывёлаводы. Пабывалі ў кароўніку, у зале, дзе знаходзіцца халадзільнае абсталяванне.

халадзільнае абстаяванне

Якія перспектывы ў жывёлагадоўчай галіне? — пытаюся ў Уладзіміра Пятровіча.

—    Трэба развівацца, — упэўнена адказаў галоўны заатэхнік. — А для гэтага патрэбна праводзіць рэканструкцыю старых памяшканняў, будаваць новыя. Асноўную ўвагу будзем удзяляць ферме Зорка, якая знаходзіцца ў цэнтры гаспадаркі. Ужо зараз на аб’екце дзейнічае малакаправод. У 2012 годзе надаілі 460 тон малака. Рэалізавалі вышэйшым гатункам і “экстра”.

Даведаўшыся, што на МТФ Зорка запланавана ўвядзенне ў дзеянне даільнай залы, пацікавіўся, як ідуць справы ў гэтым накірунку.

—    У адным памяшканні вядуцца работы, — пачаў расказ брыгадзір будаўнічай брыгады Віктар Швед. — Зараз рабочыя разбіраюць непатрэбныя канструкцыі, ачышчаюць цэглу, рыхтуюць неабходныя матэрыялы. Затым пачынаем капаць яму, дзе будзем заліваць фундамент пад абсталяванне даільнай залы і пачнём кладку сцен. У бліжэйшай перспектыве — мантаж клюшачніка. Большасць будаўнічых матэрыялаў закуплена і завезена, штосьці трэба яшчэ набыць.

тут будзе даільная зала

У ААТ “Ельня-Агра” ёсць уласная будаўнічая брыгада ў складзе васьмі чалавек. Па словах Віктара Шведа, людзі працуюць, бо ведаюць, што ад аб’ёму выкананага напрамую залежыць іх заробак. Большасць работ пад сілу мясцовым будаўнікам. У далейшым гаспадарка будзе запрашаць спецыялістаў — для мантажу клюшачніка, а таксама абсталявання даільнай залы.

Такім чынам, у ААТ “Ельня-Агра” ужо зараз бачны станоўчыя зрухі і перспектыва развіцця жывёлагадоўлі. Таму сёння трэба напружана працаваць, каб своечасова здаць даільную залу і пабудаваць клюшачнік. Тады будзе павелічэнне пагалоўя статку, што, у сваю чаргу, дасць прыбаўку па малаку і мясу.

Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *