Навагодняе бліц-апытанне: Праводзім стары, чакаем новы год

Общество

Вось і завяршаецца багатымі падзеямі — радаснымі і хвалюючымі — 2021 год. У жыццёвай мітусні мы пра яго забываем. Але, між іншым, у нашай памяці застаюцца падзеі, людзі, справы. І як бы ў цэлым мы яго не ўспрымалі, гэта быў чарговы год нашага жыцця, дзе мелі месца сум і радасць, перамогі і нястачы, каханне і няўдачы…
Сёння ў 12 гадзін ночы ў свае правы ўвойдзе 2022-гі, а значыць, цяпер самы час будаваць новыя планы. Дык чым жа для нас запомніўся 2021 год? Пра што мараць і чаго чакаюць шаркаўчане ад наступнага года? Пра гэта мы і спыталі ў жыхароў нашага раёна.

Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
— Год мінуў незаўважна. Як і папярэднія, ён быў насычаны на шматлікія падзеі. Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета, як я лічу, спрацаваў станоўча. Мы не застаёмся ў баку ад правядзення разнастайных акцый, конкурсаў. У адыходзячым 2021-м мы ў межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” узнагароджвалі перадавікоў жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемстваў раёна. Падчас правядзення пасяўной, корманарыхтоўчай і ўборачнай кампаній таксама адзначаем лепшых механізатараў, камбайнераў. Сёлета прынялі ўдзел у абласным турыстычным злёце сярод прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны.
Цвёрда ўпэўнена, што 2022 год будзе для ўсіх нас шчаслівым, прынясе шмат новых станоўчых уражанняў і пазітыву. Наперадзе — ажыццяўленне планаў і задач, якія мы ставім перад сабой. Віншую шаркаўчан з Новым годам і Калядамі!

Людміла КАЗІЦКАЯ, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі:
— Для мяне як для творчага чалавека 2021 год запомніўся мерапрыемствамі, якія мы ладзілі ў сценах сваёй установы культуры. У нас вельмі насычанае жыццё. Калектыў нашых супрацоўнікаў не стаіць на месцы, мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў сваёй работы. У маёй сям’і нарадзіўся ўнучок. Гэта падзея вельмі радасная для мяне і ўсіх маіх родных людзей.
Хочацца верыць, што наступны год стане для ўсіх нас радасным і шчаслівым. Жадаю, каб у ім спадарожнікам па жыцці ў маіх родных, блізкіх, сяброў было здароўе, каб у сем’ях панавалі дабрабыт і згода. Гэтага, у першую чаргу, я і чакаю ад 2022 года.

Наталля МІЛАСЕРДАВА, сакратар ААТ “Агратэхсэрвіс”, кіраўнік маладзёжнага крыла раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”:
— Год, які сёння адлічвае свае апошнія гадзіны, назаўсёды застанецца ў памяці. Вядома, былі ў ім і негатыўныя падзеі, пэўныя цяжкасці і праблемы, але ўсё гэта вырашалася. 2021-ы быў напоўнены і завершанымі, і распачатымі справамі, шчаслівымі імгненнямі, прыемнымі сустрэчамі. У гэтым годзе на грамадскіх пачатках я стала кіраўніком маладзёжнага крыла раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. Займаюся прыцягненнем моладзі не толькі нашага сельгаспрадпрыемства да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах, але і з іншых арганізацый. У будучым годзе мы абавязкова прадоўжым гэту работу.
За навагоднім сталом мы ў сямейным коле пад бой курантаў абавязкова пажадаем здароўя адно аднаму, у думках загадаем самыя запаветныя мары і будзем цвёрда верыць, што ў хуткім часе яны збудуцца.

Сяргей ХАДАНЁНАК, майстар па будаўніцтве ААТ “Княж”:
— Сёння не хочацца ўспамінаць і гаварыць пра нейкія адмоўныя моманты ў нашым жыцці, якія мелі месца ў мінулым годзе. Наогул, я чалавек пазітыўны, заўсёды знаходжуся ў добрым настроі. Вельмі рады таму, што пандэмія каронавіруснай інфекцыі ў нашай краіне пайшла на спад. Рады, што ў маёй сям’і, родных і блізкіх людзей усё складваецца найлепшым чынам. У нашай гаспадарцы, дзе я працую, таксама ўсё спорыцца. Будаўнічая брыгада, якую я ўзначальваю, у мінулым годзе і сёлета ўвялі ў эксплуатацыю два памяшканні для бяспрывязнага ўтрымання жывёлы, будуем іншыя аб’екты.
Спадзяюся, што новы 2022-гі год прынясе нам яшчэ больш поспехаў і дасягненняў і ў той жа час падорыць шмат радасных і шчаслівых імгненняў побач з самымі роднымі людзьмі. Хачу, каб мы і надалей жылі пад блакітным небам нашай незалежнай краіны і працавалі на яе карысць. З надыходзячым Новым годам, шаноўныя землякі!
Бліц-апытанне правёў Сяргей РАЙЧОНАК.