Напрыканцы снежня наш раён наведаў з рабочым візітам член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-будаўнічага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў.
У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” Уладзімір Сямёнавіч павіншаваў выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра з Новым годам і Калядамі, падарыў ім салодкія пачастункі.
Потым ён сустрэўся з працоўным калектывам і пагутарыў з работнікамі сацыяльнай установы пра праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
— Гэта вельмі важны для нашай краіны гістарычны момант, — сказаў Уладзімір Сямёнавіч. — Прапанаваны варыянт Канстытуцыі — гэта вынік доўгай і карпатлівай работы членаў Канстытуцыйнай камісіі, рабочай групы і яшчэ многіх-многіх людзей, прафесіяналаў сваёй справы і патрыётаў сваёй краіны.
Напомню, што Канстытуцыя 1994 года прымалася ў прынцыпова іншых сацыяльна-эканамічных і палітычных умовах. Перад дзяржавай стаялі іншыя задачы: адбудаваць эканоміку, пераадолець беднасць і разруху, кансалідаваць нацыю.Таму і Асноўны Закон быў напісаны пад іх рашэнне. За больш чым 25-гадовы перыяд дзеяння Канстытуцыі змяніўся і свет, і наша краіна. У грамадстве сталі патрэбны перамены.
Сёння прапаноўваецца адаптаваць тэкст Канстытуцыі да новых гістарычных рэалій. Па сваім змесце папраўкі ў праекце самыя розныя. Гэта зберажэнне нацыянальных традыцый і ахова сямейных каштоўнасцей, гістарычнай памяці аб гераічным мінулым і подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асаблівы клопат аб інвалідах, ветэранах, пажылых людзях, падтрымка моладзі, развіццё атамнай энергетыкі, пашырэнне выбарчых правоў грамадзян. Вялікі спектр змяненняў і дапаўненняў адносіцца да пытанняў арганізацыі дзяржаўнай улады, канстытуцыйна-прававога статусу Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркавання паўнамоцтваў ад Прэзідэнта да іншых галін улады, пашырэння кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда.
Уладзімір Сямёнавіч падкрэсліў, што для кожнага беларуса настаў адказны момант, які стане “лакмусавай паперкай” на патрыятызм, любоў да сваёй Радзімы.
Сяргей РАЙЧОНАК.