
Однажды, много лет спустя, февраль, суббота…
Средь суматошных будней бесконечных,
Средь важных дел и мелочных хлопот
В мир возвратиться юности беспечной
Дарует шанс наш школьный вечер встречи
Придите в школу — школа ждёт!
Ёсць у халодным снежным лютым дзень, калі здараюцца нечаканыя сустрэчы са старымі сябрамі, калі ненадоўга адступае няўмольны час. Гэта — вечар сустрэчы выпускнікоў. Штогод у першую суботу лютага гасцінна запрашаюць расчыненыя дзверы школ на спатканне з юнацтвам даўно мінулых дзён.
Святочна ўбраная актавая зала ў Лужкаўскай СШ другога лютага сабрала сваіх сяброў, якія, хто год, хто пяць, хто дваццаць і болей таму, пакінуўшы сцены школы, пакрочыў у самастойны жыццёвы шлях з атэстатам сталасці. На ўваходзе ў залу адбывалася рэгістрацыя выпускнікоў, якую праводзілі дзяўчынкі-старшакласніцы. Побач ладзілі бяспройгрышную латарэю “Выпускнік, вазьмі сабе на памяць!”. Так за сімвалічную плату можна было набыць фотаздымкі і буклеты аб школе, глыбей пазнаць гісторыю яе мінулага і сучаснасць.
І вось вядучыя са сцэны аб’явілі аб пачатку ўрачыстасці. Вучні сярэдніх класаў праспявалі песню аб роднай школе. Затым дзяўчынкі малодшых класаў падарылі гледачам танцавальную кампазіцыю з запаленымі свечкамі ў руках. Сваімі ўспамінамі са сцэны падзяліліся настаўнікі — ветэраны педагагічнай нівы — сямейная пара Тэрэза Антонаўна і Валянцін Адольфавіч Піліпёнкі. Дарэчы, Валянцін Адольфавіч сам з’яўляецца выпускніком Лужкаўскай СШ, і ўсё сваё жыццё прысвяціў працы ў роднай школе. Сорак чатыры гады адпрацаваў настаўнікам фізічнай культуры. Па стану здароўя некаторыя былыя педагогі не змаглі прыйсці на вечар сустрэчы, але звярнуліся да сваіх вучняў і калег праз відэаролік-віншаванне. Час бяжыць няўмольна, яго нельга спыніць. Многіх настаўнікаў, на вялікі жаль, ужо няма ў жывых. Светлую памяць аб іх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
З прывітальным словам да мікрафона выйшла дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна. Звярнуўшыся да ўсіх, хто ў той вечар сабраўся ў зале, паведаміла аб цяперашнім жыцці ўстановы, рабочых буднях і святочных мерапрыемствах, якія ладзяцца настаўнікамі і вучнямі. Ларыса Віктараўна выказала ўдзячнасць усім выпускнікам, хто прыйшоў на вечар сустрэчы школьных сяброў. А яшчэ дадала, што з сённяшняга дня настаўнікі будуць ставіць адзнакі сваім выпускнікам за наведванне імі школы. Бо нельга забываць тых людзей, якія выхоўвалі, рабілі з кожнага асобу, адпраўлялі ў жыццё, укладваючы душы і сэрцы ў сваіх вучняў. Яшчэ адно новаўвядзенне, якое стане добрай традыцыяй у Лужкаўскай сярэдняй — скрыня з “марамі выпускніка”. Кожны з іх можа на паперы напісаць сваё ўласнае жаданне, што тычыцца школы, аднакласнікаў і педагогаў. А ўжо праз колькі год канверты з марамі-пажаданнямі будуць ускрыты і зачытаны на падобных гэтай сустрэчах.
Працягам святочнага вечара стала ўшанаванне выпускнікамі-юбілярамі сваіх педагогаў і любімай школы. Па чарзе на сцэну падымаліся выпускнікі 1963, 1968, 1973, 1978, 1983, 1988, 1993, 1998, 2003 і 2008 гадоў. Загадзя пра кожны з гэтых выпускаў быў падрыхтаваны відэаролік пра гады вучобы. Так, тыя, хто скончыў школу 40, 45 і 50 год таму, атрымаў намінацыю “Мудрацы Лужкаўскай школы”. 35 год — “Заснавальнікі школы”, вучні гэтага выпуску дапамагалі ўзводзіць новы будынак школы. Намінацыі “Рамантыкі” удастоіліся выпускнікі 1983 года. “Самы вясёлы і знаходлівы выпуск” — намінацыя выпуску 1988 года. Сваёй шчырай працай на прышкольным участку вылучыўся выпуск 1993 года. Гэта — “Самы працавіты выпуск”. У намінацыі “Самы артыстычны выпуск” — выпускнікі 1998 года. Спартыўнымі дасягненнямі і перамогамі праславіў школу выпуск 2003 года. Яны адзначаны ў намінацыі “Самы спартыўны выпуск”. А намінацыю “Доўгажыхары школы” атрымалі выпускнікі 2008 года. Бо гэтыя вучні займаліся па 12-гадовай праграме навучання.
Святочная дзея, якая ладзілася больш чым дзве гадзіны, пасля асноўнай часткі прадоўжылася школьнай дыскатэкай. Выпускнікі са сваімі настаўнікамі, класнымі кіраўнікамі разыйшліся па класах, дзяліліся ўспамінамі, расказвалі аб цяперашнім жыцці, аб сваіх занятках.
Работнікі мясцовага Дома культуры перанялі эстафету святочнага вечара і правялі для прысутнай моладзі конкурсную праграму “Школьны перапынак”.
З гадамі многае мяняецца ў жыцці школы і жыцці яе выпускнікоў. Толькі адно застаецца нязменным — дружба вучняў і настаўнікаў. Кожны год тут збіраюцца госці і сябры і гэта не скончыцца ніколі! Бо колькі будзе кружыць зямля, столькі будуць жыць на ёй блізкія і дарагія людзі: настаўнікі і іх удзячныя вучні.
Сяргей РАЙЧОНАК