
У кожнай сярэдняй школе нашага раёна для падвозу вучняў з аддаленых вёсак маюцца ў наяўнасці школьныя аўтобусы. Канечне, некаторыя бацькі гавораць, што дзецям трэба рана прачынацца, збірацца. Тут справа ў тым, што і некаторыя вёскі знаходзяцца на значнай адлегласці ад школы, і вадзіцелям трэба спяшацца, каб не пакінуць ніводнага вучня. А яшчэ, у першую чаргу, кожнаму з іх абавязкова трэба захоўваць правілы перавозкі дзяцей, сачыць за спраўнасцю аўтамабіля.
Шмат год падвозам вучняў займаецца вадзіцель школьнага аўтобуса Генадзій Руткоўскі з Лужкаўскай СШ. Ён знаходзіцца на добрым рахунку як у адміністрацыі школы, так і ў кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама. Нараканняў на яго працу ніколі не было.
Вядома, любая тэхніка выпрацоўвае свой рэсурс. Вось і яго аўтобус таксама. Сёлета на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак паведаміла, што ў хуткім часе будзе набыты новы аўтобус для падвозу вучняў у Лужкаўскую школу. Слова сваё яна стрымала. У верасні ён быў набыты. Так Генадзій Руткоўскі атрымаў ключы ад новага камфартабельнага аўтобуса маркі “ПАЗ”.
— У мяне вельмі вялікі маршрут аб’езду па аддаленых вёсках, — кажа вадзіцель, — гэта ажно 162 кіламетры. Крыўдна тое, што стан дарог у нашай мясцовасці нездавальняючы, часта прыходзіцца пасля чарговай паездкі рамантаваць аўтамабіль. Спадзяюся, што справа зменіцца ў лепшы бок. Асабіста я буду берагчы новую тэхніку і, вядома, берагчы здароўе дзяцей у час паездкі.
Сяргей РАЙЧОНАК.