У працоўных калектывах і сярод насельніцтва працягваюць сваю работу дыялогавыя пляцоўкі. Прадстаўнікі экспертных груп расказваюць пра змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Мацвеевіч Сільчонак і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Пятровіч Шынкевіч сустрэліся з работнікамі КУВСП “Гарадзец”. Павел Мацвеевіч падрабязна расказаў пра тыя змяненні і дапаўненні, якія прапануюцца ў новы праект Асноўнага Закона нашай краіны. Ён таксама выказаў пажаданне, каб грамадзяне выканалі свой абавязак, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі за будучае нашай краіны.
У дыялогавай пляцоўцы таксама прынялі ўдзел старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна Краснадубская і дырэктар КУВСП “Гарадзец” Аляксандр Іосіфавіч Сулікоўскі. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства агучыў некалькі праблемных пытанняў, з якімі сутыкаецца мясцовае насельніцтва. Гэта, у першую чаргу, водазабеспячэнне. Старыя воданапорныя вежы ў аграгарадку ліквідаваны, працуе толькі адна свідравіна. Зношанай з-за часу эксплуатацыі з’яўляецца і водаправод. Насельніцтва сутыкаецца з праблемай недахопу пітной вады. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Пятровіч Шынкевіч паведаміў пра тое, што сёлета запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Але гэта не вырашыць праблему забеспячэння вадой з-за старога водаправода.
У аграгарадку адсутнічаюць дзяржаўныя прамысловыя і харчовыя магазіны. Насельніцтва скардзіцца на адсутнасць некаторых прадуктаў харчавання, у прыватнасці, хлеба, якога хапае не ўсім жыхарам, асабліва па выхадных днях. Прыватныя магазіны не ў стане задаволіць мясцовае насельніцтва прадуктамі ў поўным аб’ёме.
— Несумненна, праблемы жыццядзейнасці грамадзян трэба ў абавязковым парадку вырашаць, — падкрэсліў Павел Мацвеевіч. — І менавіта на гэта накіравана дзейнасць заканадаўчай і выканаўчай улад.
Сяргей РАЙЧОНАК.


