Ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна Сяргей Рубніковіч абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі

Главное Здоровье

17 снежня 2021 года на агульным сходзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі членам-карэспандэнтам быў абраны ўраджэнец Шаркаўшчынскага раёна. Сяргей Пятровіч Рубніковіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1974 года ў вёсцы Сасноўцы Валожынскага сельсавета. Закончыўшы Шаркаўшчынскую СШ №1, ён паступіў у 1991 годзе ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут на стаматалагічны факультэт. Гэта была мара жыцця, якая выспявала са старшых класаў не без уплыву бацькоў – Пятра Пятровіча (вядомага ў Шаркаўшчынскім раёне чалавека) і маці Валянціны Іванаўны, а яшчэ дзеда Пятра, знанага печніка, які навучыў унука дакладнасці ў праектаванні канструкцый. З цеплынёю ўспамінае Сяргей Пятровіч сваіх шаркаўшчынскіх настаўнікаў, што забяспечылі высокі ўзровень ведаў (атрымаў срэбраны медаль), асабліва класнага кіраўніка Лідзію Леанідаўну Карпаву, якая хоць і паставіла яму па рускай мове “добра”, але благаславіла на студэнцкі шлях.

Прага ведаў у галіне стаматалогіі і агульнай медыцыне была ў Сяргея Пятровіча вялікай. Згодна з патрабаваннямі, якія прад’яўляе да медыкаў сучаснасць, ён пастаянна ўдасканальваў свае веды. Пасля вучобы ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце ён скончыў клінічную ардынатуру па артапедычнай стаматалогіі пры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БМАПА), працаваў асістэнтам, далей дацэнтам у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ), быў абраны загадчыкам кафедры ў БМАПА і БДМУ. Да гэтага абараніў кандыдацкую (2002 г.) і доктарскую дысертацыі (2011 г.). У 2015 годзе яму было прысвоена навуковае званне прафесара.

Сяргей Пятровіч Рубніковіч – вядомы навуковец у галіне стаматалогіі, сучасных клетачных біятэхналогій. Ім распрацаваны новыя тэхналогіі карэкцыі хвароб перыядонту, біяінжынерныя канструкцыі з выкарыстаннем ствалавых клетак і ўнікальныя біятрансплантанты. Ён з’яўляецца аўтарам больш як 570 навуковых прац , у тым ліку 7 манаграфій.

У навуковай супольнасці Сяргей Пятровіч прызнаецца як заснавальнік і кіраўнік навукова-медыцынскай школы па сучаснай стаматалогіі, якая выкарыстоўвае клеткавыя і лічбавыя тэхналогіі. Вынікі яго даследаванняў добра вядомы і атрымалі прызнанне на міжнародным узроўні.

Акрамя гэтага, ён вядзе актыўную педагагічную работу, падрыхтаваў 4 кандыдата навук, з’яўляецца навуковым кіраўніком некалькіх доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Ён уваходзіць у склад шматлікіх навуковых саветаў і рэспубліканскіх камісій, у тым ліку Міжнароднай акадэміі стаматолагаў. Трэба адзначыць яго рэдактарства ў міждзяржаўным часопісе “Стоматология. Эстетика. Инновации.”

Арганізацыйныя і навуковыя здольнасці сталі галоўным аргументам прызначэння С.П. Рубніковіча ў верасні 2020 года на адказную пасаду рэктара БДМУ, навучальнай установы, у якой вучыцца больш як 8900 студэнтаў.

Абранне членам-карэспандэнтам НАН Беларусі выпускніка шаркаўшчынскай школы – гэта вялікі гонар педагагічнаму калектыву, бацькам, усім землякам. Шаркаўшчынскі край багаты на таленты. У медыцыне трэба згадаць і выпускніка 50-х гадоў Вячаслава Ульянавіча Буку, прафесара, доктара біялагічных навук – вядомага даследчыка ў эксперыментальнай гепаталогіі. Таксама майго вучня, фармаколага, прафесара, доктара медыцынскіх навук Барыса Фёдаравіча Дарафеева з в. Астаноўка. Абодва працавалі разам са мной ў Інстытуце біяхіміі НАН Беларусі ў г. Гродна.

Няхай прыклад Сяргея Пятровіча Рубніковіча натхняе шаркаўшчынскую моладзь на далейшую плённую вучобу.

А. Г. МАЙСЯЁНАК,

член-карэспандэнт НАН Беларусі.