19 студзеня ў нашай краіне сваё прафесійнае свята адзначаюць выратавальнікі

Главное Служба 101

выратавальнікі-пажарныя ПАВП № 12 в. Варонка Павел Дзямідка і Вячаслаў Пецюкевіч

Сёння ў нашай краіне сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія кожны дзень, кругласутачна, рызыкуючы сваім жыццём, спяшаюцца на дапамогу тым, хто трапіў у складаныя жыццёвыя абставіны. Работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці. Прафесія выратавальніка — адна з самых цяжкіх, але, разам з тым, і самых высакародных. Яны і ў мірныя часы заўсёды знаходзяцца нібы на перадавой, абараняюць нас, наша жыццё і маёмасць ад стыхійных бедстваў.
Чалавецтва за перыяд свайго існавання заўсёды супрацьстаяла шматлікім стыхійным бедствам, катастрофам. Сродкі гэтай барацьбы змяняюцца пастаянна. Не дзіўна, што, азіраючыся на 20-30 год назад, можна ўбачыць значную розніцу.
— Ва ўсіх накірунках наша Міністэрства зрабіла вялікі прарыў, — кажа нам начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Анатольевіч Жук. Дарэчы, пасаду начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Віктар Анатольевіч займае з пачатку студзеня сёлетняга года. — Распрацавана многа нагляднай агітацыі, фота- і відэафільмаў, — працягвае падпалкоўнік унутранай службы. — Калі, прыкладна, 20 год назад у пажарных аварыйна-выратавальных часцях вобласці і рэспублікі на ўзбраенні стаялі аўтацыстэрны на базе аўтамашын ЗіЛ-130 і ЗіЛ-131 умяшчальнасцю па 2,5 тоны вады, то цяпер у наяўнасці сучасныя аўтамабілі МАЗ умяшчальнасцю 10 тон. Такая тэхніка маецца і на ўзбраенні шаркаўшчынскіх выратавальнікаў.

Супрацоўнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 гарадскога пасёлка Антон Кінько, Андрэй Івонін, Ігар Пятроў, Андрэй Васюцёнак, Мацвей Аўласенка, Іван Буйчонак

На сённяшні дзень у Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях службу нясуць 43 чалавекі афіцэрскага і асабовага складу. Дзейнічаюць пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, а таксама пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты № 12 і № 13 у вёсцы Варонка і аграгарадку Лужкі.
Час не стаіць на месцы, на пасады вопытных выратавальнікаў, якія адыходзяць на заслужаны адпачынак, прыходзяць маладыя. Яны паступова, год за годам, набіраюцца вопыту і прафесіяналізму ў сваіх старэйшых калег па службе.
Гэта можна сказаць і пра Вячаслава Пецюкевіча, які нясе службу на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 12 вёскі Варонка ў якасці камандзіра аддзялення. Яшчэ падчас вучобы ў школе ён марыў пра працу ў сілавых структурах. Мара яго збылася, цяпер Вячаслаў — студэнт завочнага аддзялення ўніверсітэта грамадзянскай абароны. У сакавіку будзе толькі два гады, як сяржант нясе службу разам з іншымі шаркаўшчынскімі вогнеборцамі.
Разам з Вячаславам служыць вадзіцель Павел Дзямідка. Стаж службы ў Паўла восем з паловай год. За гэты перыяд старшына зарэкамендаваў сябе адказным і сумленным работнікам, якога кіраўніцтва РАНС ставіць у прыклад іншым.
З якімі б цяжкасцямі ні прыходзілася сутыкацца выратавальнікам-пажарным ў сваёй паўсядзённай рабоце, яны заўсёды прытрымліваюцца каманднага духу, адчуваюць сяброўскую падтрымку. Гэтыя фактары ў поўнай меры забяспечваюць паўнавартаснае выкананне сваіх абавязкаў, дазваляючы выратавальнікам заваёўваць аўтарытэт у грамадстве.
Сяргей РАЙЧОНАК.