Кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака павіншаваў выратавальнікаў з прафесійным святам

Главное Служба 101

19 студзеня ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае прафесійнаму святу — Дню выратавальніка.
Да шаркаўшчынскіх вогнеборцаў завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Кіраўнік раёна павіншаваў выратавальнікаў-пажарных са святам.
— Вы з годнасцю выконваеце свой службовы абавязак па абароне насельніцтва ў надзвычайных і экстрымальных абставінах, — сказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — Ваша самаадданая праца, адказнасць, прафесіяналізм — залог спакою жыхароў нашага раёна. Дзякуй вам за вашу адданасць высакароднай справе. Няхай у жыцці кожнага з вас будзе як менш трывожных выклікаў, а побач заўсёды знаходзяцца любімыя і родныя людзі, якія падтрымаюць вас. Няхай галоўнай узнагародай за вашу нялёгкую працу заўсёды застаюцца словы ўдзячнасці ад тых, каго вы выратавалі, ад іх родных і сяброў, а яшчэ — шчырая павага грамадства. Жадаю вам, вашым родным і блізкім мірнага неба, жыццёвага аптымізму і святочнага настрою!
Затым старшыня раённага выканаўчага камітэта ўручыў Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама за добрасумленную службу, узорнае выкананне службовых абавязкаў намесніку начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце Яўгенію Катовічу. Вадзіцель пажарнага аварыйна-варатавальнага паста № 12 в. Варонка Павел Дзямідка ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Іван Паўлавіч Пальчэх адзначыў лепшых супрацоўнікаў Падзякамі, Падзячнымі пісьмамі, нагруднымі знакамі і чарговымі званнямі.
Павіншавала выратавальнікаў-пажарных і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская, якая ўручыла ім памятныя падарункі, пажадала моцнага здароўя, дабрабыту, здзяйснення намечаных планаў і надзей, шчасця ў асабістым жыцці.
Сяргей РАЙЧОНАК.