Маладосць, бадзерасць, аптымізм. Усё гэта адносіцца да выпускніцы Германавіцкай ДС—СШ 2018 года, ураджэнкі аграгарадка Германавічы Карыны Мядзелец, якая цяпер з’яўляецца студэнткай 4 курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
— Карына яшчэ ў малодшых класах стала праяўляць здольнасці ва ўсіх прадметах, — кажа яе маці Лідзія Генадзьеўна, якая, дарэчы, яшчэ і з’яўлялася першай настаўніцай у сваёй дачкі. — Але найбольш ёй падабаліся беларуская мова, матэматыка, гісторыя і фізкультура.
— Так, мне і сапраўды падабаліся гэтыя прадметы, — далучылася да размовы Карына. — У сярэдніх, а потым у старэйшых класах я заўсёды прымала ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, у раённых прадметных алімпіядах, займала прызавыя месцы. У чэрвені 2017 года мяне абралі старшынёй другога складу Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна. У той час для мяне гэта быў вялікі гонар, бо разам з маладзёжным актывам, з грамадскімі аб’яднаннямі мы абмяркоўвалі шматлікія пытанні развіцця маладзёжнага руху ў нашым рэгіёне.
У 2018 годзе я закончыла школу з залатым медалём. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на факультэт фінансаў і банкаўскай справы. Дарэчы, у мінулым годзе мая настаўніца гісторыі Іна Сямёнаўна Пучынская прапанавала мне прыняць удзел у міжнародным гістарычным конкурсе “Па-за кадрам”. Я напісала работу, у якой расказала пра жыццёвы шлях свайго дзядулі Генадзія Іванавіча Мядзельца. У выніку атрымала дыплом за трэцяе месца. Гэта пры тым, што ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі не толькі Беларусі, але яшчэ Грузіі і Украіны.
І цяпер, калі я вучуся на апошнім курсе, не проста наведваю заняткі, але яшчэ актыўна ўдзельнічаю ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, пішу навуковыя працы. За паспяховую вучобу атрымліваю прэзідэнцкую стыпендыю. Але на гэтым спыняцца не збіраюся. У будучым планую прадоўжыць вучобу ў магістратуры.
За ўсе свае поспехі я вельмі ўдзячна сваім настаўнікам. Пра кожнага з іх я ўспамінаю з цеплынёй у сэрцы. У першую чаргу гэта наш класны кіраўнік Вольга Леанідаўна Юкша, настаўнік гісторыі Іна Сямёнаўна Пучынская, настаўніца фізікі Ларыса Мікалаеўна Рымчонак, настаўніца беларускай мовы Рыма Генадзьеўна Рубніковіч. І, канечне ж, мая першая настаўніца, мая любімая і дарагая матуля Лідзія Генадзьеўна Мядзелец. Вялікі дзякуй вам за тое, што далі мне трывалыя веды і адкрылі шырокую дарогу ў самастойнае жыццё!
Сяргей РАЙЧОНАК.
