Протаіерэй Пётр Бараноўскі расказаў наведвальнікам дзіцячай бібліятэкі пра свята Вадохрышча

Общество

Вадохрышча — адно з 12 галоўных хрысціянскіх свят. Згодна з Евангеллем, у гэты дзень Ісус Хрыстос хрысціўся у рацэ Іардан. Па народных традыцыях у Вадохрышча завяршаюцца Святкі.
Шмат мерапрыемстваў, прысвечаных рэлігійным святам, праводзіцца ў дзіцячай бібліятэцы гарадскога пасёлка. Чарговае прайшло з запрашэннем настаяцеля Свята-Успенскай царквы протаіерэя Пятра Бараноўскага. У дзіцячую бібліятэку прыйшлі вучні 5 класа СШ № 1, каб паслухаць свяшчэнніка і даведацца пра свята Вадохрышча.
— “Вадохрышча” азначае акунанне ў ваду, — паведаміў айцец Пётр. — У 1 стагоддзі ў водах ракі Іардан здзейсніў гэта таінства Іаан Хрысціцель. Прапаведнік заклікаў людзей да пакаяння і змываў вадою грахі. Прыйшоў на бераг свяшчэннай ракі і Ісус Хрыстос. У час таінства на Збавіцеля сышоў Святы Дух у выглядзе голуба. Як піша Евангелле, нябесны голас сказаў: “Гэты чалавек — Сын Госпада, які нясе свету Яго Волю”. Таму свята Вадохрышча яшчэ называюць Богаяўленнем і звязваюць з вадой — асвячэннем у храмах і акунаннем у купелі.
Вечар напярэдадні свята — Хрышчэнская Куцця — збірала разам усю сям’ю. Па традыцыях пасля поснай вячэры лыжкі складвалі ў агульную міску і накрывалі хлебам у надзеі на багаты ўраджай.
Галоўны сімвал свята — вада. Лічыцца, што ўся вада ў ноч на Вадохрышча становіцца цудадзейнай: і ў рэках, і ў азёрах, нават самы просты снег таксама.
Раніцу на Вадохрышча трэба пачынаць са спажывання асвечанай вады. Прынята піць яе нашча. У дзень свята пасля набажэнства ў храмах выпускаюць у неба белых галубоў як сімвал Святога Духа, што з’явіўся на зямлю ў выглядзе гэтай птушкі.
Дзеці вельмі ўважліва слухалі свяшчэнніка, задавалі розныя пытанні. А напрыканцы мерапрыемства ўдзельніцы літаратурнага гуртка “Жывое слова”, якое існуе пры дзіцячай бібліятэцы, Ксенія Брандзіна і Кіра Нікалаева прачыталі свае ўласныя невялікія апавяданні на калядную тэматыку.
Сяргей РАЙЧОНАК.