Іван Міхалёнак узнагароджаны Ганаровой граматай раённага Савета дэпутатаў

Главное

Уладзімір Шпец узнагароджвае Івана Міхалёнка

— Пасля заканчэння школы я не хацеў, як некаторыя мае равеснікі, ехаць жыць у горад, — дзеліцца юнацкімі ўспамінамі начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Іван Іванавіч Міхалёнак. З дзяцінства любіў зямлю, працу на ёй, бо гэтую любоў мне прывілі бацькі. Перад вайсковай службай некаторы час працаваў у калгасе “1-е Мая”. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родныя мясціны. Тата мой, Іван Мікалаевіч, быў там брыгадзірам комплекснай брыгады. У часы маёй маладосці старшынёй калгаса з’яўляўся Вадзім Андрэевіч Мядзелец. Ён і тата ў вялікай ступені паспрыялі таму, каб я абраў спецыяльнасць агранома. Таму спачатку вучыўся ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме без адрыву ад вытворчасці, а затым завочна набываў вышэйшую адукацыю ў Велікалуцкім сельгасінстытуце.
Аднойчы, калі я вярнуўся з чарговай экзаменацыйнай сесіі, былы першы сакратар райкама КПБ Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі прапанаваў мне павышэнне па службовай лесвіцы (на той час я з’яўляўся аграномам). Была магчымасць узначаліць калгас “Іскра” або імя Фрунзе. Я выбраў апошні. На працягу дзевяці гадоў я кіраваў гэтай гаспадаркай. З году ў год дасягалі станоўчых вынікаў у працы, займалі лідзіруючыя пазіцыі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Потым мяне перавялі на пасаду начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, якое ўзначальваў 9 гадоў. Зімы і вёсны пралятаюць імкліва і нябачна. Здаецца, што толькі ўчора пачынаўся мой працоўны шлях, а з той пары прайшло шмат часу.
Іван Іванавіч на працягу апошніх 17 год узначальваў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з’яўляўся галоўным эколагам Шаркаўшчынскага раёна.
24 студзеня ў вялікай зале райвыканкама старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец уручыў Івану Іванавічу Міхалёнку Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу на карысць Шаркаўшчынскага раёна.
Іван Іванавіч выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, кіраўнікам арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў за гады сумеснай працы.
— Жыццё хуткімі крокамі ідзе наперад, — сказаў Іван Іванавіч Міхалёнак. — На заслужаным адпачынку таксама ёсць вялікае мноства спраў і заняткаў. Цяпер свой час буду прысвячаць родным і блізкім людзям, сваёй сям’і.
Сяргей РАЙЧОНАК.