Прадстаўляць шаркаўчанам Сяргея Леанідавіча і Ганну Міхайлаўну Рымдзёнкаў з Германавіч не трэба. Гэтых людзей добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Пра іх удзел і перамогі ў шматлікіх конкурсах і выставах рэгулярна пішуць сродкі масавай інфармацыі.
Сяргей Леанідавіч больш за 20 год займаецца вырабамі з гліны, шмат працуе над удасканальваннем тэхналогіі ганчарнай справы, збірае і вывучае матэрыялы па гісторыі і традыцыях старадаўніх спосабаў апрацоўкі гліняных вырабаў.
Яго спадарожніца жыцця, Ганна Міхайлаўна, працуе метадыстам разам з мужам у Доме ганчара. На прафесійнай аснове займаецца ткацтвам. Яны не проста адраджаюць старадаўнія беларускія рамёствы, характэрныя для нашай мясцовасці, але яшчэ і вучаць гэтаму дзяцей у сваіх гуртках.
Сямейная пара — пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы, лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, конкурсаў. А яшчэ з’яўляюцца лаўрэатамі ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Ганна Міхайлаўна стала лаўрэатам у 2014 годзе, а Сяргей Леанідавіч — у 2016 годзе.
У пачатку мінулага года загадчыку Дома ганчара Сяргею Леанідавічу Рымдзёнку прысвоена званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. А ў апошнія дні 2021 года аналагічнае званне атрымала і Ганна Міхайлаўна. Такім чынам, Сяргей і Ганна Рымдзёнкі з Германавіч сталі першымі ў нашым раёне Народнымі майстрамі Рэспублікі Беларусь.
З гэтай нагоды ў канцы студзеня ў раённым Цэнтры рамёстваў адкрылася іх персанальная выстава “Да вытокаў душой дакрануўшыся”, на якой прадстаўлены ганчарныя і ткацкія вырабы — плён шматгадовай працы мужа і жонкі.
— Таленавітая сямейная пара няспынна ўдасканальвае сваё майстэрства, ствараючы новыя і новыя работы, — сказала у час адкрыцця выставы галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. Іна Мар’янаўна ўручыла Сяргею Леанідавічу і Ганне Міхайлаўне Ганаровую грамату аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і дыплом абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
— Гэтыя работы не толькі прыгожыя, але і каштоўныя, бо спрыяюць захаванню і папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, — падкрэсліў выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Фёдаравіч Крук.
Планаў у Сяргея і Ганны Рымдзёнкаў вялікае мноства. Гэта абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы. Віншуем нашых землякоў з чарговай высокай узнагародай, адкрыццём персанальнай выставы і зычым ім далейшых творчых дасягненняў, перамог у конкурсах дзеля адраджэння старадаўніх беларускіх народных рамёстваў!
Сяргей РАЙЧОНАК.




