У раённым савеце ветэранаў абмеркавалі новы праект Канстытуцыі

Общество

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня 2022 года падпісаў указ № 14 “Аб назначэнні рэспубліканскага рэферэндума”. У адпаведнасці з заканадаўствам рэспубліканскі рэферэндум па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь назначаны на 27 лютага 2022 года.
У краіне працягваюць сваю работу дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх прадстаўнікі экспертных груп расказваюць грамадзянам пра змяненні і дапаўненні Асноўнага Закона.
Адна з такіх сустрэч прайшла ў вялікай зале райвыканкама. Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі выступіў перад ветэранамі працы. Намеснік кіраўніка раёна падрабязна спыніўся на змяненнях і дапаўненнях праекта Канстытуцыі нашай краіны. Ён таксама даў грунтоўныя адказы на пытанні, якія задавалі прысутныя.
Затым прайшло сумеснае пасяджэнне раённага савета ветэранаў і раённага савета пажылых людзей. З асноўным дакладам выступіла старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Яна зачытала справаздачу аб рабоце грамадскай арганізацыі за мінулы год, акрэсліла асноўныя напрамкі на 2022 год.
Сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава данесла да прысутных інфармацыю пра тое, што з пачатку сёлетняга года пры раённым выканаўчым камітэце пачаў сваю працу савет пажылых людзей. Асноўная мэта савета — прыцягненне грамадзян сталага ўзросту ў актыўнае грамадскае жыццё. Як падкрэсліла Галіна Мікалаеўна, для гэтага ў нашым гарадскім пасёлку і раёне існуе мноства спартыўных гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў не толькі пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, але і ва ўстановах культуры. Кожны жадаючы можа з карысцю правесці свой вольны час.
Пра тое, якая праводзіцца работа з катэгорыяй пажылых людзей, расказала загадчык аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту Святлана Тарарака.
У завяршэнні пасяджэння старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Генадзьеўна Міхалёнак яшчэ раз звярнулася да прысутных і заклікала іх выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за будучае нашай краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.