Міхаіл ФАМЯНОК: Пасланне Прэзідэнта закранула не толькі самыя актуальныя пытанні, але і задало вектар далейшага развіцця

Общество


Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, з якім Аляксандр Лукашэнка звярнуўся 28 студзеня ў Палацы Рэспублікі, стала важнай палітычнай падзеяй. Жыхары раёна працягваюць яго абмяркоўваць.
Міхаіл ФАМЯНОК, дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпал”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
— Пасланне Прэзідэнта закранула не толькі самыя актуальныя пытанні, якія адносяцца да народа ў цэлым, але і задало вектар далейшага развіцця. Аляксандр Рыгоравіч казаў пра самае галоўнае — пра тое, як і чаму мы павінны берагчы і абараняць суверэнітэт і незалежнасць, хто нашы сябры і з кім мы будзем разам заўсёды.
Яго тэзісы былі абгрунтаваны самім жыццём і напоўнены імкненнем да стварэння і развіцця, нават калі гаворка ішла аб трывожных рэчах — магчымасці развязвання вайны.
Я адношуся да таго пакалення, прадстаўнікі якога вучыліся, пачыналі працаваць у часы былога СССР. Ведаеце, мне ёсць з чым параўнаць сённяшняе жыццё і перыяд 1970-1980-х гадоў. На сённяшні дзень мы ў дастатковай колькасці маем прадукты харчавання на паліцах магазінаў, існуе магчымасць набыць тую або іншую мэблю, тэхнічныя сродкі для сваёй сям’і. Канечне, каб жыць дастойна і бязбедна, трэба шчыра працаваць. Гэта было ва ўсе часы. “Каляровыя” рэвалюцыі, якія адбыліся ў некаторых рэспубліках былога СССР, яскрава сведчаць, што гэтыя краіны, іх грамадзяне не сталі жыць лепш. Любое палітычнае ўзрушванне адмоўна сказваецца на сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы. І гэтага дапускаць нельга.
Пасланне Прэзідэнта, безумоўна, умацавала нашы перакананні. Мы атрымалі зарад пазітыўнай энергіі, пачулі тое, што на самой справе чакалі. Цяпер важна ўсё пачутае ўвасабляць у жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК.