«Каб добра працаваць і мець вынікі, трэба любіць сваю прафесію», — перакананы настаўнік Васілій Фокаў

Актуальное

Васілій Фёдаравіч з унукам Ягорам у школьным класе

Васілій Фёдаравіч Фокаў — чалавек, якога ўсе ведаюць у Іёдах. І яно зразумела: Васілій Фёдаравіч працуе ў Іёдскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе 36 гадоў — выкладае замежную мову. Увогуле, з гэтай школай у яго звязана ўсё жыццё. Нарадзіўся ў Іёдах, пайшоў вучыцца ў Іёдскую сярэднюю школу. З 5 класа пачаў вывучаць нямецкую мову, якой хутка захапіўся. У старэйшых класах было прынята рашэнне аб тым, што стане выкладчыкам замежнай мовы. Паступіў у інстытут замежных моў, які паспяхова скончыў. Пасля давялося крыху папрацаваць у Гуркаўскай базавай школе. У хуткім часе лёс распарадзіўся так, што Васілій Фёдаравіч вярнуўся ў родную Іёдскую СШ. Жонка Васілія Фёдаравіча Зоя Аляксандраўна 16 гадоў працавала дырэктарам школы. Іх сын Аляксандр таксама абраў педагагічную дарогу ў жыцці — пасля заканчэння факультэта фізвыхавання Віцебскага дзяржуніверсітэта вярнуўся на радзіму і каля 10 гадоў працуе ў Іёдскай ДС-СШ (зараз ён выхавальнік групы падоўжанага дня).

Аляксандр Васільевіч разам з жонкай Наталляй выхоўвае дваіх дзетак. Сын Ілля вучыцца ў 2 класе, дачка Арыша хутка пойдзе ў дзіцячы сад. Трэба адзначыць, што Ілля Фокаў любіць фізкультуру і дэманструе добрыя вынікі па лёгкай атлетыцы. Дарэчы, спортам захапляецца бацька Аляксандр, дзядуля Васілій Фёдаравіч у свой час быў выдатным спартсменам.

—    Работа з дзецьмі мне вельмі падабаецца, — расказвае Васілій Фёдаравіч. — Ад стасункаў з імі атрымліваю зарад бадзёрасці. Галоўнае, трэба любіць сваіх вучняў, тады яны лепш паводзяць сябе на ўроках, нават хутчэй засвойваюць матэрыял.

Па словах Васілія Фёдаравіча, прафесія настаўніка складаная і, каб добра працаваць і мець вынікі, трэба яе любіць. Тады работа будзе ў радасць і прынясе плён.

—    Для педагога вельмі важна не толькі даць інфармацыю дзецям і пракантраляваць, каб яны засвоілі яе, але важна навучыць маладых людзей карыстацца ведамі і прымяняць іх на практыцы, — заўважыў настаўнік.

Васілій Фёдаравіч любіць свой прадмет і стараецца, каб дзеці цікавіліся нямецкай мовай. Многія выпускнікі затым паступаюць у ВНУ на спецыяльнасць “замежная мова”. І зараз Васілій Фёдаравіч дапамагае рыхтавацца да паступлення сямікласніку Аляксандру Лук’янскаму і дзевяцікласніку Іллі Адзінцу.

І яшчэ Васілій Фёдаравіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў, з якімі пасля давялося разам працаваць — Ядзвігу Францаўну Жук, Фаіну Аляксандраўну Клімановіч, Алену Аркадзьеўну Мядзелец, Раісу Юльянаўну Падоба. Гэтыя настаўнікі паказалі Васілію Фёдаравічу ўсю прыгажосць педагагічнай справы, яе важнасць і высакароднасць. Дзякуючы ім, Васілій Фокаў выбраў жыццёвую дарогу і не збочыў з яе на працягу чатырох дзесяцігоддзяў.

Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *