Кожны чалавек усё сваё сумленнае жыццё імкнецца стаць як мага больш багацейшым. Для адных у слова багацце ўкладзены сэнс грашовага прыбытку і матэрыяльнага накаплення. Іншыя пад багаццем разумеюць нешта духоўнае, узвышанае, тое, што ўвасабляе ў сабе чалавечае дабро, ласку, пяшчоту і клопат. Без гэтага немагчыма годна і дастойна прайсці свой жыццёвы шлях.
Такой жа думкі прытрымліваецца і жыхарка вёскі Дворнава Лужкаўскага сельсавета Любоў Сцяпанаўна Лапыр, у госці да якой завітаў наш карэспандэнт напярэдадні яе дня нараджэння.
Прасторны, утульны, даволі вялікі цагляны дом Мікалая і Галіны Каснікоўскіх. Тут у сваёй дачкі зараз і пражывае Любоў Сцяпанаўна. Па праўдзе кажучы, прыемна ўразіла ўбачанае: у адным з пакояў на канапе, зрэдку кідаючы позірк на ўключаны тэлевізар, з пруткамі ў руках сядзела жанчына, якая ну ні як не выглядае на свой узрост, а менавіта сёння 20 лютага ёй споўнілася 93 гады.
— Вось наша любая матуля-працаўніца, — кажа яе дачка Галіна. — Прысаджвайцеся, калі ласка!
У пачатку нашай гутаркі, нібы крыху саромеючыся, Любоў Сцяпанаўна неахвотна хацела размаўляць аб жыцці, аб мінулым, бо, як і ў кожнага сталага чалавека, маленства, юнацкія гады былі гаротнымі і апаленымі полымем вайны.
— Нарадзілася я ў вёсцы Стральцова, — апавядае Любоў Сцяпанаўна. — Васямнаццацігадовай дзяўчынай выйшла замуж у 1938 годзе. Праз год у нас з мужам Франакам нарадзілася дачка Марыя (зараз пражывае ў вёсцы Уліна ІІ). У год пачатку Вялікай Айчыннай вайны на свет з’явіўся сынок Казімір. Праз сем год наша сям’я пабольшала яшчэ на аднаго чалавека — сына Юльяна. А самая меншая Галінка, у якой я зараз і пражываю, убачыла свет у 1958 годзе.
Усё жыццё мы з мужам адпрацавалі ў калгасе. Ён быў кавалём, я — паляводам. У хатняй гаспадарцы гадавалі скацінку, саджалі гародніну, сеялі жыта. Спраўляцца было вельмі цяжка. Тут і калгасная праца, і хатнія клопаты, і дзеткі, якім таксама трэба ўдзяліць увагу. Але ж тады мы былі маладымі, дужымі, хапала моцы і здароўя.
Дзеці нашы, скончыўшы школу, хто, як Галіна, застаўся жыць і працаваць побач, хто раз’ехаўся далёка ад малой радзімы. Марыя пэўны час жыла ў Наваполацку. Казік пятнаццаць год аддаў працы шахцёра ў Варкуце. Юлясь жыве ў Пецярбурзе. Самы шчаслівы момант майго жыцця, калі наш Казік усё ж такі пераехаў жыць на радзіму, пасяліўся паблізу, у Наваполацку. Ды толькі радасць гэта была нядоўгай. Пад час працы ў шахтах здароўе было моцна падарвана. Адыйшоў мой сынок без пары ў іншы свет, пакіўнушы аб сабе светлую памяць і дарагога ўнучка.
Каб неяк суцешыць жанчыну, мы з яе дачкой Галінай перавялі погляд і пачалі размову пра саматканыя дываны, посцілкі, ручнікі, зробленыя рукамі Любові Сцяпанаўны, іх — безліч.
— Не можа наша матуля сядзець без работы, — кажа Галіна Францаўна, — паглядзіце, якія прыгожыя сурвэткі яна вяжа ў сваім паважаным узросце.
— У кватэрах маіх дзетак і ўнукаў, — уключылася ў размову Любоў Сцяпанаўна, — таксама ёсць мае даматканкі. А зусім нядаўна я сваёй аднавяскоўцы звязала ажно дваццаць пар шкарпэтак. Пакуль здароўе дазваляе стараюся і цяпер не сядзець без работы. Дачка купіла ў краме маткі з ніткамі — вось мне і занятак звязаць ці святочную сурвэтку, ці цёплыя шкарпэткі сваім родным. А іх жа ў мяне акрамя дзяцей — восем унукаў, адзінаццаць праўнукаў і два прапраўнукі. Вось якое сямейнае багацце я нажыла за свой век!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
АД РЭДАКЦЫІ: у в. Дворнава пражывае былы фельчар мясцовага ФАПа Валянціна Мілецьеўна Касатая. І хоць яна ўжо на заслужаным адпачынку, але ж, як нам вядома, заўсёды па першай просьбе прыйдзе на дапамогу людзям, у ліку якіх і Любоў Сцяпанаўна. Вялікі дзякуй вам за клопат і ўвагу!