Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас сустрэўся з вучнямі Станіславоўскай БШ

2022 — Год гістарычнай памяці Главное Патрыятычнае выхаванне

На вялікі жаль, у нашым раёне ў жывых не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія б змаглі расказаць падрастаючаму пакаленню пра часы ваеннага ліхалецця, з першых вуснаў данесці інфармацыю пра суровыя падзеі 1941—1945 гадоў, калі нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на беларускую зямлю, а нашы дзяды і прадзеды стойка і мужна змагаліся з ворагам, адстойвалі жыццё і свабоду.
Цяпер гэта задача ўскладзена на воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ваявалі ў далёкім Афганістане. Ім ёсць, пра што расказаць вучням школ, ёсць чаму навучыць у плане патрыятычнага выхавання.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ветэраны афганскай вайны наведалі шэраг навучальных устаноў Шаркаўшчынскага раёна, каб у сумеснай гутарцы расказаць хлопчыкам і дзяўчынкам пра гады службы пад спякотным небам гэтай паўднёвай краіны.
У Станіславоўскай базавай школе таксама прайшло тэматычнае мерапрыемства пад назвай “Дарогамі афганскай вайны”. Да вучняў завітаў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас.
— Так лёсам было наканавана, што нам, васемнаццацігадовым юнакам, давялося прайсці праз “неаб’яўленую” вайну ў паўднёвай краіне, — пачаў гутарку Васілій Савіч. — 26 верасня 1983 года мне, як і іншым юнакам прызыўнога ўзросту, прыйшла павестка з райваенкамата аб прызыве на тэрміновую службу. Адразу трапіў у Мар’іну Горку, дзе з іншымі юнакамі праходзіў курс маладога байца. Затым цягніком нас адправілі ў Казахстан. Тут многія з нас пачалі разумець, што ў хуткім часе нас накіруюць у Афганістан. Інтуіцыя не падманула, бо пасля двух з паловай месяцаў фізічных трэніровак, навучання рукапашнаму бою, стральбе з усіх відаў зброі вайсковае камандаванне паведаміла — нас накіроўваюць у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан.
Як і іншыя салдаты, я не ведаў, што нас чакае на чужыне, што будзе заўтра, колькі часу тут прабудзем. Яшчэ ў казахстанскім каранціне юнакоў, якія мелі вадзіцельскія пасведчанні, рыхтавалі па групах для службы на легкавых (штабных) і грузавых (баявых) аўтамабілях. Я быў у групе, дзе абучалі навыкам язды на ГАЗ-66. Прабыўшы два дні ў Кабуле, я трапіў у горад Баграм у асобны разведвальны батальён.
Назаўсёды ў памяці засталася самая першая сутычка з душманамі. Было гэта 2 студзеня 1984 года. Па баявой трывозе нас паднялі ноччу. Удзельнікі бандфарміравання пачалі абстрэл транспарту па дарозе, якая вяла ў Кабул праз перавал Саланг. Гэта была галоўная транспартная артэрыя для пастаўкі савецкім войскам тэхнікі, узбраення, харчавання. Пры перастрэлцы мы змаглі адбіць ворага і захапіць у палон двух параненых душманаў. Тады я ўпершыню ўбачыў, як страляюць у чалавека, як яго забіваюць кулямётнымі чэргамі. Дарэчы, свой баявы медаль “За адвагу” я атрымаў за аналагічнае паспяхова выкананае баявое заданне.
Першыя паўгода я з’яўляўся разведчыкам. Затым мне даручылі бронетранспарцёр БТР-70, на якім я і служыў да дэмабілізацыі. Асноўнай задачай была ахова перавалаў. Наогул, на сваім БТР я аб’ездзіў амаль усю тэрыторыю рэспублікі, нярэдка трапляючы пад абстрэл.
У свабодны ад выканання службовых абавязкаў час пісаў лісты сваім бацькам у Германавічы. Канечне, з-за ваеннай цэнзуры нам нельга было паведамляць, што тут вядуцца ваенныя дзеянні, гінуць савецкія салдаты. Тата з мамай у сваіх лістах пісалі, як цудоўна і мілагучна спяваюць салаўі над Дзісной, якім духмяным водарам вее ад квецені майскіх садоў. Ад гэтага моцна сціскала ў грудзях, настальгічна балела сэрца.
Вучні, затаіўшы дыханне, уважліва слухалі Васілія Савіча. І сапраўды, ім вельмі цікава было даведацца пра тое, як нашы землякі змагаліся з ворагам, як мужна вытрымалі ваенныя выпрабаванні на чужыне і вярнуліся дадому.
— Воіны-інтэрнацыяналісты, і я ў тым ліку, заўсёды з радасцю прымаем запрашэнні да ўдзелу ў сустрэчах з вучнямі школ, з наведвальнікамі бібліятэк, дамоў культуры, — сказаў Васілій Савіч. — Самі з’яўляемся ініцыятарамі правядзення падобных мерапрыемстваў. Наша задача як відавочцаў і ўдзельнікаў тых крывавых падзей данесці да маладога пакалення праўду, каб юнакі і дзяўчаты — будучае нашай краіны — раслі сапраўднымі патрыётамі Беларусі.
На развітанне вучні падарылі Васілію Савічу кветкі і памятны сувенір.
Сяргей РАЙЧОНАК.