
У дзень нашага наведвання фермы Канавалава КУВСП “Гарадзец” вялося выдаленне гною з жывёлагадоўчых памяшканняў і адвозка яго да месц буртавання. Жывёла ўтрымліваецца на глыбокай падсцілцы, таму вышэйазначаны тэхналагічны прыём павінен праводзіцца штодзённа — па чарзе ва ўсіх памяшканнях. Цяляты на дарошчванні — 173 жывёліны і цялушкі для ўзнаўлення статка — 340 галоў выгульваліся ў адведзеных для іх выгулах. Як паведаміў загадчык фермы Міхаіл Алегавіч Шыпіла, цяпер, калі адступілі маразы, прагулкі жывёлы арганізоўваюцца штодзённа.
У адным з памяшканняў дзве групы цялят на дарошчванні даглядаюць Марына Крыўка і Часлаў Морхат. Сярэднясутачная прывага іх гадаванцаў за мінулы месяц склала 462 грамы.
Групы цялушак для ўзнаўлення статка кормяць Мікалай Гаранін, Пётр Драздовіч і Вячаслаў Самуйла.
2013 год лічыцца годам беражлівасці. А з 1 лютага ўведзена дыферэнцыраваная аплата за электарэнергію і газазабеспячэнне. Гэта тычыцца ўсіх катэгорый спажыўцоў электраэнергіі, у тым ліку і сельгаспрадпрыемстваў. Пажадана, каб і працаўнікі фермы Канавалава захоўвалі важнае патрабаванне, а значыць, беражліва карысталіся электрапрыборамі, выключалі святло ў светлы час сутак.
Кацярына СОСНА.