У Шаркаўшчынскай бібліятэцы прайшла патрыятычная квэст-гульня “Ведаем і памятаем”

2022 — Год гістарычнай памяці

“Ведаем і памятаем” — пад такой назвай у Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася патрыятычная квэст-гульня, прымеркаваная да Года гістарычный памяці. Яе ўдзельнікамі сталі навучэнцы 9 “А” класа СШ № 1 г.п. Шаркаўшчына.
Квэст-гульня складалася з трох этапаў-станцый, у ходзе руху па якіх дзве каманды ўдзельнікаў на чале з капітанамі адказвалі на тэарэтычныя пытанні, звязаныя з датамі і падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны, Віцебскай вобласці і ў Шаркаўшчынскім раёне, выконвалі творчыя заданні — складалі слоган з пэўных слоў, малявалі карту Беларусі і размяшчалі на ёй даты вызвалення абласных цэнтраў і іншае.
Кожнае выкананае творчае заданне юнакі і дзяўчаты павінны былі сфатаграфаваць і размясціць у асабістым інстаграм-акаунце пад хэштэгам #Годгістарычнайпамяціквэст. У выніку каманда, якая атрымала больш “лайкаў”, была адзначана спецыяльным прызам ад калектыву бібліятэкі. А ўсе ўдзельнікі квэст-гульні атрымалі прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама са сродкаў, выдаткаваных на рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
У рамках сустрэчы загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібілятэкі Таццяна Гагалінская, пазнаёміла прысутных з кніжнай выставай “Хроніка страшных дзён”, на якой прадстаўлена мастацкая літаратура і дакументальныя матэрыялы на тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
А. ФРОМЕРТАС,
галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама
Фота Сяргея РАЙЧОНКА.