Праяўленая мужнасць Уладзіміра Курылёнка

Патрыятычнае выхаванне

33 гады назад 15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войск з Афганістана, закончылася вайна, якая працягвалася ўдвая даўжэй, чым Вялікая Айчынная. Яна ішла за тысячы кіламетраў ад беларускай зямлі, але пакінула раны ў памяці не толькі 30 тысяч нашых землякоў, якія прайшлі праз яе, але і ўсяго нашага народа.
Вогненнымі дарогамі Афганістана прайшліі больш 60 шаркаўчан. Сярод іх і Уладзімір Курылёнак, пра якога ў сваім лісце, дасланым у рэдакцыю, расказвае жыхар гарадскога пасёлка Антон Лапацкі.
“Паважаныя чытачы, хачу расказаць вам пра аднаго дастойнага чалавека з маёй малой радзімы, вёскі Уліна 1, што ў Лужкаўскім сельсавеце, Уладзіміра Віктаравіча Курылёнка. Нарадзіўся ён у 1963 годзе ў сям’і вясковых працаўнікоў Віктара Васільевіча і Надзеі Мітрафанаўны Курылёнкаў. Падчас вучобы ў школе ў Уладзіміра былі нядрэнныя адзнакі па ўсіх прадметах, але “выдатна” заўсёды было па фізічнай культуры. Ён удзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах па бегу.
Гады вучобы ў школе прайшлі непрыкметна. Пасля заканчэння Улінаўскай васьмігодкі ён паступіў у Пастаўскае СПТВ, каб набыць прафесію трактарыста. Потым шчыраваў у родным калгасе на трактары. Пасля атрымання павесткі на тэрміновую вайсковую службу ў доме бацькоў сабраліся родныя, блізкія людзі, суседзі, каб праводзіць Уладзіміра ў армію. Усе жадалі яму дастойна служыць, быць адказным, мужным, бездакорна выконваць загады камандзіраў. Пэўны час знаходзіўся ў горадзе Волжскі Валгаградскай вобласці ў “вучэбцы”. Пасля праходжання спецыяльнай падрыхтоўкі яго адправілі ў сапёрную роту ў далёкі і незнаёмы Афганістан, у якім мой зямляк знаходзіўся з лістапада 1981 года па ліпень 1983 года.
Службу сваю Уладзімір нёс з гонарам, быў адказным салдатам, ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі. Як ён расказваў сам, у Афганістане з’яўляўся кулямётчыкам бронетранспарцёра БТР-70. Кожную раніцу экіпаж бронемашыны ажыццяўляў выезды з мэтай праверкі дарог. Аднойчы іх БТР трапіў пад абстрэл душманаў. Вадзіцель атрымаў раненне, але Уладзімір не разгубіўся, імгненна прыняў рашэнне перасесці за руль машыны. Дзякуючы рашучым і правільным дзеянням Уладзіміра, экіпаж дабраўся да вайсковага шпіталя.
У той час у газеце “Красная звезда” пісалі: “…Страшный бой разгорелся в провинции под Кундузом. Противником был обстрелян БТР-70. Большинство членов экипажа погибли, а тяжело раненых водителя и начфина Владимир Курилёнок вывез из-под огня, рискуя своей жизнью”. За гэты подзвіг Уладзімір быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Пасля вяртання на малую радзіму Уладзімір Віктаравіч шмат год адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве на трактары. Разам з жонкай Марынай Мікалаеўнай выхавалі сына Іллю і дачку Вераніку. У сям’і падрастае ўнучок Багдан”.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.