Юрый Леановіч: Самае горкае тое, што ўласна прыходзілася бачыць смерць сваіх сяброў-саслужыўцаў

Патрыятычнае выхаванне

Іх маладосць абпаліла сваім крылом “афганская вайна”. Ім не забыць тыя дні і ночы, праведзеныя ў далёкай паўднёвай краіне, дзе набывалі каштоўны баявы вопыт, даводзілі да ўдасканальвання сваё баявое майстэрства.
Юрый Леановіч, як і большасць равеснікаў-падлеткаў з сельскай мясцовасці, марыў пра тэхніку, пра працу на роднай зямлі. Таму пасля заканчэння Лужкаўскай СШ у Глыбоцкім СПТВ набыў кваліфікацыю трактарыста-машыніста, вадзіцельскае пасведчанне і працаўладкаваўся ў саўгас “Верацеі”.
— Папрацаваў у сельгаспрадпрыемстве шэсць месяцаў, — успамінае Юрый Сцяпанавіч. — З райваенкамата даслалі павестку аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу. Ведаеце, у той час многія служылі далёка ад родных мясцін. Я трапіў у горад Кушка Туркменскай ССР. Гэта лічылася самай паўднёвай геаграфічнай кропкай у былым Савецкім Саюзе. Навокал горы, пяскі, палаючае сонца. Пейзаж зусім не такі як у роднай Беларусі. Службу нёс на лёгкім бронетранспарцёры МТЛБ. Праз 18 месяцаў маёй службы ў Кушцы прыйшоў загад вышэйшага камандавання аб фарміраванні новага пяхотнага палка і адпраўкі яго ў Афганістан. У гэты полк трапіў і я. На той час у нас была новая тэхніка. Давялося на аўтамашыне ЗіЛ-131 “пакалясіць” па многіх афганскіх дарогах, цяснінах. Шматразова рухаўся ў аўтакалонах забеспячэння, суправаджаў іх у якасці тэхнічнай падтрымкі на выпадак аварыі або паломкі.
Нярэдкімі былі і абстрэлы нашых войск, падрывы душманамі ваеннай тэхнікі. Але самае горкае тое, што ўласна прыходзілася бачыць смерць сваіх сяброў-саслужыўцаў. Гэта незагойнай ранай баліць у сэрцы і праз 38 год. Дадому мне пашчасціла вярнуцца жывым, нават ні разу не быў паранены. А дома, як вядома, з нецярпеннем чакалі бацькі, сябры, аднавяскоўцы. Чакала мяне і праца ў саўгасе, дзе працую і па сённяшні дзень трактарыстам, вырошчваю хлеб, шчырую дзеля дабрабыту сваёй сям’і і роднага краю.
Жыццё маё склалася добра. Дома заўсёды чакае жонка Людміла. Часта наведвае бацькоў дачка Наталля з унукамі з Глыбокага, прыязджае і сын Аляксандр з Мінска.
На развітанне Юрый Сцяпанавіч пажадаў воінам-інтэрнацыяналістам трывалага здароўя, аптымізму і доўгіх год жыцця пад блакітным небам мірнай Беларусі.
Сяргей РАЙЧОНАК.