15 лютага ў Шаркаўшчыне адбыўся мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Главное

33 гады назад апошні савецкі салдат перайшоў мост памежнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам — так завяршыўся вывад абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана.
Баявыя дзеянні ў гэтай паўднёвай краіне працягваліся звыш дзевяці год і лічацца самымі працяглымі ў дваццатым стагоддзі. У сучаснай гістарыяграфіі аб той вайне часта кажуць як аб першай антытэрарыстычнай аперацыі.
15 лютага — гэта не проста сустрэча аднапалчан, якія ваявалі разам, але і магчымасць аддаць даніну памяці баявым таварышам, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку.
Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў быў прысвечаны мітынг каля помніка “Чорны цюльпан” у скверы ДРБУ-131 гарадскога пасёлка 15 лютага.
— Дзень вываду войск з Афганістана — гэта адначасова і свята для тых, каму пашчасціла вярнуцца дадому жывымі, і дзень смутку аб загінуўшых, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Гэта вайна назаўсёды застанецца ў гісторыі нашай краіны, бо яна напісана крывёй соцень беларускіх салдат, слязьмі матуль, удоў і дзяцей-сірот, якія страцілі сваіх сыноў, мужоў і бацькоў. Колькі б ні мінула год пасля афганскіх падзей, мы заўсёды будзем памятаць тое, што зрабілі воіны-інтэрнацыяналісты, і ганарыцца іх подзвігамі. Савецкія войскі выходзілі з Афганістана з разгорнутымі сцягамі і пачуццём гонару выкананага абавязку.
Дзмітрый Міхайлавіч выканаў ганаровую місію: ад імя старшыні Смаленскага рэгіянальнага грамадскага руху развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці “Землякі” Станіслава Кашырына ўручыў памятныя медалі “За актыўную дзейнасць у патрыятычным выхаванні, увекавечванні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны” воінам-інтэрнацыяналістам Васілію Протасу, Сяргею Тарасёнку.
Дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Вазміцель падкрэсліў, што сёння інтэрнацыяналісты — надзейная апора ўлады ў патрыятычным выхаванні моладзі, сацыяльнай абароне салдат і афіцэраў, членаў іх сямей.
Са словамі віншаванняў у адрас землякоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнуўся старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас.
На мітынгу прысутнічалі і прадстаўнікі духавенства — дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі, настаяцель царквы іконы “Усіх смуткуючых Радасць” протаіерэй Віктар Валашчук і ксёндз-дэкан парафіі Перамянення Пана ў Германавічах Ян Пугачоў. Свяшчэннаслужыцелі памалілася за супакой душ памерлых савецкіх воінаў у Афганістане падчас баявых дзеянняў і ў мірныя дні, а таксама за здароўе жывых сведак тых жудасных падзей.
На мітынгу было шматлюдна: прыйшлі, акрамя воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў гарадскога пасёлка, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.
Гледзячы на дзясяткі прысутных людзей, становіцца зразумелым, што памяць аб загінуўшых, аб іх подзвігах у імя міру і шчасця на зямлі жыве і будзе жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.