У Германавічах прайшло пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі па пытаннях змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Общество

17 лютага ў Германавіцкім музеі мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча прайшло пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі па пытаннях змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
На сустрэчу з калектывам супрацоўнікаў музея прыехалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Людміла Стома.
— Патрыятызм, захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, любоў да малой радзімы, да Айчыны — гэтыя каштоўнасці для беларусаў застаюцца фундаментальнымі, — сказаў Ігар Віктаравіч. — Сімвалічна, што рэферэндум па змяненнях і дапаўненнях Асноўнага Закона пройдзе ў Год гістарычнай памяці. Канстытуцыя — дарожная карта для развіцця краіны, у якой ведаюць цану вайне і міру.
— Памяць пра мінулае — гэта сувязь з рэчаіснасцю, — падкрэсліла Людміла Уладзіміраўна. — Наша задача — выхоўваць моладзь у духу патрыятызму. Нярэдка прыходзіцца чуць: “Колькі ўжо можна казаць пра вайну?” Але ж пакуль мы памятаем пра вайну, пра тую трагедыю, якую перажылі нашы дзяды і прадзеды, мы будзем знаходзіць сілы і сродкі, каб берагчы мір. Безумоўна, таксама павінны памятаць свае мірныя подзвігі і дасягненні. Трэба памятаць герояў працы, якія праслаўлялі наш народ. Павінны і далей працягваць мэтанакіраваную палітыку гістарычнай праўды, каб людзі не забывалі каштоўнасці беларускага народа.
— Рэферэндум — важны этап у жыцці грамадства. Кожны з нас павінен у гэты дзень прыйсці на ўчастак для галасавання, каб вырашыць, у якім накірунку будзе рухацца краіна далей. Правільна выбраны і падтрыманы грамадствам курс — гарантыя шчаслівай будучыні Беларусі і дасягнення новых вяршынь на міжнародным узроўні, — рэзюмаваў Ігар Віктаравіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.